Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны

Аб кампанii

Гісторыя агенцтва

Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) – буйнейшае інфармацыйнае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Больш за 105 гадоў БЕЛТА нязменна захоўвае афіцыйны статус дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва краіны і застаецца найбольш аўтарытэтнай крыніцай аператыўнай інфармацыі аб дзейнасці вышэйшых органаў улады Беларусі.

Доўгі час, захоўваючы юрыдычную самастойнасць, працавала ў цеснай каардынацыі з Тэлеграфным агенцтвам Савецкага Саюза (ТАСС). З 1991 года БЕЛТА – інфармацыйнае агенцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.

За час свайго існавання агенцтва не раз мяняла назву: БелОТРОСТА, БелРОСТА, БелКТА, БЕЛІНФАРМ.

Пачаткам гісторыі БЕЛТА прынята лічыць 23 снежня 1918 года, калі ў Мінску адкрылася Беларускае аддзяленне Расійскага тэлеграфнага агенцтва - БелОТРОСТА. Кіраўніком аддзялення стаў маскоўскі журналіст Юрый Волін, якога прыслалі ў Мінск для падрыхтоўкі навін аб стварэнні БССР. Планавалася, што ў далейшым пачне працаваць пастаянная служба, якая будзе паведамляць аб жыцці маладой рэспублікі, але Грамадзянская вайна перашкодзіла гэтым планам. Беларускае бюро адкрылася толькі праз тры гады.

Прэзідыум Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта ССРБ прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускага бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва - БелРОСТА - у студзені 1921 года. Новую арганізацыю ўзначаліў літаратар Вітольд Ашмарын, які прыехаў з Масквы. Падборам супрацоўнікаў займаўся журналіст Саламон Левінсон. Большасць першых карэспандэнтаў БелРОСТА не былі прафесійнымі журналістамі і вучыліся ў працэсе работы. Падрыхтаваныя Саламонам Левінсонам восенню 1921 года для навучання павятовых карэспандэнтаў "Инструкторские листки" сталі першым беларускім навучальным дапаможнікам для журналістаў.

На 1 кастрычніка 1921 года ў БелРОСТА працавалі 17 чалавек. Амаль штодзённа бюро адпраўляла паведамленні аб жыцці ў Савецкай Беларусі ў Маскву для весніка РОСТА і ў мясцовыя беларускія перыядычныя выданні. БелРОСТА рэгулярна выпускала агітацыйныя насценныя газеты. У людных месцах Мінска кожны дзень вывешваліся вітрынныя плакаты з апошнімі паведамленнямі аб жыцці краіны. Штотыдзень выдавалася "вусная газета", тэкст якой зачытваўся спецыяльнымі чытальнікамі на прадпрыемствах, у чырвонаармейскіх часцях.

У студзені 1924 года БелРОСТА было рэарганізавана ў Беларускае аддзяленне Саюзнага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва – БелКТА. Перад агенцтвам паўсталі новыя задачы ў сувязі з пачаткам новай эканамічнай палітыкі (НЭП). Аддзяленне выдавала "Белорусский коммерческий бюллетень", у якім публікаваліся матэрыялы па пытаннях абслугоўвання насельніцтва, нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі, аб рабоце прамысловай кааперацыі і транспарту, здзелках на таварнай біржы. Падпісчыкамі бюлетэня была большасць гандлёвых арганізацый БССР.

Сваю сучасную назву Беларускае тэлеграфнае агенцтва атрымала 7 сакавіка 1931 года. Саўнаркам БССР у 1932 годзе ўдакладніў структуру агенцтва. Былі ўтвораны тры рэдакцыі: рэдакцыя рэспубліканскай інфармацыі з галіновымі сектарамі, рэдакцыя ТАССаўскай інфармацыі з функцыямі прыёму міжнароднай і саюзнай інфармацыі і перадачы інфармацыі ў саюзныя цэнтры, рэдакцыя раённага і нізавога друку. Асноўнай функцыяй БЕЛТА вызначана перадача афіцыйнай урадавай інфармацыі для ўсяго друку БССР, прычым пастановы ўрада і іншых дзяржаўных органаў павінны былі перадавацца ў рэдакцыі перыядычных выданняў не пазней як праз дзве гадзіны пасля іх атрымання агенцтвам.

З лютага 1935 года структура БЕЛТА ўніфікавана са структурай інфармацыйных агенцтваў іншых саюзных рэспублік СССР. Была створана рэдакцыя рэспубліканскай інфармацыі з некалькімі сектарамі. Агенцтва штодзень рассылала цэнтральным, абласным і раённым газетам БССР міжнародную, саюзную і рэспубліканскую інфармацыю, рыхтавала тэматычныя агляды і веснікі.

У 1939 годзе Саўнаркам БССР пастанавіў адкрыць у складзе агенцтва рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты.

У гады Вялікай Айчыннай супрацоўнікі БЕЛТА змагаліся на франтах вайны. Прычым у іх руках была не толькі зброя, але і ручка з блакнотам або фотакамера. Асабліва інтэнсіўную работу агенцтва пачало ў сакавіку 1944-га, перадаючы ў савецкую перыёдыку інфармацыю аб жыцці ў вызваленых раёнах. Больш за сорак пасляваенных гадоў прайшлі для агенцтва без асаблівых перамен.

У 1988 годзе ў структуры БЕЛТА было створана Упраўленне сувязі і аўтаматызаваных сістэм – на рабочых месцах супрацоўнікаў з'явіліся першыя персанальныя камп'ютары.

У 1989 годзе ў складзе БЕЛТА стварылі рэдакцыю грамадска-палітычнага штотыднёвіка "7 дней". 

Пасля распаду СССР і абвяшчэння суверэннай Рэспублікі Беларусь Беларускае тэлеграфнае агенцтва пры Савеце Міністраў у 1992 годзе было ліквідавана і створана Беларускае інфармацыйнае агенцтва ў сістэме Міністэрства інфармацыі – БЕЛІНФАРМ.

БЕЛІНФАРМ быў аб'яўлены правапераемнікам БЕЛТА. У дакументах, якія вызначаюць задачы новай інфармацыйнай службы, значылася, што яна з'яўляецца нацыянальным дзяржаўным агенцтвам краіны, дзейнасць якога разлічана на рэспубліканскую і замежную аўдыторыю. Гісторыя БЕЛІНФАРМа была нядоўгай: у адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 1995 года агенцтву была вернута яго ранейшая назва – БЕЛТА.

БЕЛТА сёння

Беларускае тэлеграфнае агенцтва працуе ў рэжыме рэальнага часу, размяшчаючы навіны на ўласным інтэрнэт-сайце на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай і кітайскай мовах.

Штодзень БЕЛТА рыхтуе і распаўсюджвае да 250 інфармацыйных паведамленняў аб важнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзейнасці і рашэннях вышэйшага кіраўніцтва краіны і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах.

Фотастужка БЕЛТА штодзень размяшчае каля 20 фотатэм – гэта больш за 100 фотаздымкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

БЕЛТА мае свае карэспандэнцкія пункты і ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і ў Маскве.

Інфармацыйнымі партнёрамі БЕЛТА з'яўляюцца агенцтвы, анлайн-выданні і медыярэсурсы краін СНД, далёкага і блізкага замежжа. Агенцтва ажыццяўляе абмен інфармацыяй са СМІ Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Украіны і іншых краін СНД, а таксама Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, Інданезіі, Ірана, Катара, Кітая, Кубы, Літвы, Малайзіі, ААЭ, Пакістана, Рэспублікі Карэя, Сербіі, Сірыі, Турцыі.

Па цытаванні ў сусветных сродках масавай інфармацыі БЕЛТА знаходзіцца ў ліку лідараў сярод інфармагенцтваў краін СНД.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва – шматпрофільнае прадпрыемства. БЕЛТА выдае газету "7 дней", штомесячны грамадска-палітычны і навукова-папулярны часопіс "Беларуская думка" і штоквартальны часопіс "Экономика Беларуси. Economy of Belarus". Акрамя таго, выпускае кнігі, брашуры, плакаты, буклеты, выконвае паліграфічныя заказы.

БЕЛТА таксама займаецца распрацоўкай, тэхнічным і інфармацыйным суправаджэннем, папулярызацыяй і аптымізацыяй інтэрнэт-сайтаў для органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў і арганізацый.

Нашы рэквізіты:

Поўная назва: Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
Скарочаная назва: УП "БелТА"
220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул.Кірава, 26. 
Тэл: (+375 17) 311-33-20,  факс (+375 17)  378-43-46. 
Разліковы рахунак BY44BLBB30120100088880001001. ЦБУ № 527 ААТ "Белінвестбанк". код BLBBBY2X.  220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. К.Маркса, 33-4Н, 8НУНП 100088880
oper@belta.by http://www.belta.by
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі