Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 кастрычніка 2017, 16:54

Вярхоўная рада Украіны зацвердзіла правядзенне медыцынскай рэформы

19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вярхоўная рада Украіны сёння прыняла закон аб дзяржаўных фінансавых гарантыях прадастаўлення медыцынскіх паслуг і лекавых сродкаў, які з'яўляецца асноўным для правядзення медыцынскай рэформы ў краіне. Аб гэтым паведамляе ТАСС.

Адзначаецца, што падтрымалі закон 240 дэпутатаў, а для яго прыняцця было неабходна мінімум 226 галасоў.

Плануецца, што закон уступіць у сілу праз месяц з дня яго апублікавання і будзе ўводзіцца ў дзеянне паэтапна, пачынаючы з 1 студзеня 2018 года і да 2020 года.

Адным з галоўных пунктаў прынятага закона з'яўляецца падзел медыцынскіх паслуг на тры віды: бясплатныя, часткова аплатныя дзяржавай і платныя. Медыцына ва Украіне цяпер не будзе поўнасцю бясплатнай, а замест гэтага дакументам уводзіцца паняцце "дзяржаўны гарантаваны пакет", у які ўвойдзе пэўны аб'ём медыцынскіх паслуг і лекавых сродкаў, што аплачваецца дзяржавай па загадзя ўстаноўленых тарыфах. Гэтыя тарыфы, як адзначаецца ў законе, будзе зацвярджаць штогод урад Украіны.

У дзяржаўны гарантаваны пакет плануецца ўключыць самыя распаўсюджаныя выпадкі зваротаў да медыкаў: выратаванне або неадкладная дапамога, першасная медыцынская дапамога, паліятыўная дапамога.

Часткова аплатныя дзяржавай паслугі прадугледжваюць сумеснае фінансаванне паслуг дзяржавай і пацыентам. Пры гэтым медпаслугі могуць часткова аплачвацца самімі пацыентамі, або за кошт іншых крыніц, сярод якіх абавязковая сацыяльная медыцынская страхоўка, добраахвотная медыцынская страхоўка або сродкі мясцовых бюджэтаў. Да платных аднесены паслугі, якія будзе аплачваць пацыент, напрыклад, эстэтычная медыцына.

Яшчэ адным новаўвядзеннем з'яўляецца выдзяленне сродкаў не бальніцам, а на канкрэтнага пацыента. У сярэднім на аднаго пацыента (у залежнасці ад узросту) плануецца выдзяляць па 210 грыўняў у год (каля $8). Аўтары законапраекта сцвярджаюць, што новаўвядзенні дадуць магчымасць лепш змагацца з карупцыяй. Не будуць атрымліваць фінансаванне пустыя бальніцы, а ў медыкаў з'явіцца магчымасць адкрыць прадпрыемства і весці сваю практыку.

Таксама законапраектам прадугледжана стварэнне Нацыянальнай службы здароўя Украіны для арганізацыі і фінансавання медыцынскіх паслуг і лекавых сродкаў. Яна будзе распараджацца дзяржаўнымі сродкамі, прызначанымі для пакрыцця расходаў на страхаванне грамадзян Украіны ў рамках дзяржаўнага гарантаванага пакета медыцынскай дапамогі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі