Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 жніўня 2017, 16:08

Ураган "Харві" прывёў да небывалых паводак і разбурэнняў

28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Некалькі дзён у амерыканскім штаце Тэхас бушаваў ураган "Харві". Зацяжныя ліўні прывялі да небывалых паводак. Людзі ў лодках на вуліцах гарадоў, масавыя разбурэнні, абрыў ліній электраперадач - усё гэта нагадвае наступствы ўрагану "Катрына", які адбыўся ў Новым Арлеане ў 2005 годзе, піша ТАСС.

Паводле апошніх даных, ураган "Харві", які перайшоў 26 жніўня ў трапічны шторм, забраў жыцці пяці чалавек. Велізарныя тэрыторыі на паўднёвым усходзе Тэхаса апынуліся пад вадой.

"Тое, што адбываецца, проста беспрэцэдэнтна, усе яго наступствы невядомы і выходзяць за межы таго, што мы пераносілі раней", - адзначаецца ў Twitter Нацыянальнай метэаралагічнай службы. Таксама ў паведамленні змешчаны рэкамендацыі "выконваць загады афіцыйных асоб дзеля забеспячэння асабістай бяспекі".

Як паведаміў губернатар Тэхаса Грэг Эбат, у штаце перакрыты каля 250 дарог. Для аказання дапамогі пацярпелым і іх эвакуацыі прыцягнуты каля 3 тыс. ваеннаслужачых Нацыянальнай гвардыі ЗША з наземнай і паветранай тэхнікай.

Вялікая вада прыйшла ў чацвёрты па велічыні горад ЗША - Х'юстан. У раёне Х'юстана ўжо выпала да 65 см ападкаў. Амерыканскія сродкі масавай інфармацыі называюць паводку ў Х'юстане катастрофай. Тут закрыты многія бальніцы, абясточаны ўстановы і прыватныя кампаніі, аэрапорт Хобі перастаў прымаць і адпраўляць рэйсы да 30 жніўня. Каля 300 школ у Х'юстане было вырашана закрыць з 28 жніўня па 5 верасня. Мэр горада Сільвестэр Цёрнер заявіў, што па большасці транспартных магістралей і дарог цяпер немагчыма праехаць. Ён рэкамендаваў жыхарам, жыццё якіх у бяспецы, устрымацца ад званкоў на нумар службы выратавання 911, каб не перагружаць аператараў дарэмна. Кіраўнік горада аб'явіў гарадскі канферэнц-цэнтр месцам часовага размяшчэння маючых патрэбу.

Людзям, якія знаходзяцца ў зонах затаплення, работнікі экстранных службаў рэкамендавалі забрацца на дах і прыцягваць увагу ратавальнікаў, размахваючы белай тканінай.

З-за наступстваў урагану "Харві" аб прыпыненні ўласных нафтаперапрацоўчых устаноў у Тэхасе паведамілі тры кампаніі. Нафтагазавыя кампаніі ЗША, якія працуюць на шэльфе Мексіканскага заліва, эвакуіравалі звыш 110 марскіх платформ і буравых установак. Паводле інфармацыі Бюро па пытаннях бяспекі і экалагічнага кантролю ЗША, здабыча нафты ў Мексіканскім заліве скарацілася прыблізна на 378,6 тыс. бараляў у дзень (на 21,64 працэнта); здабыча прыроднага газу знізілася на 827,9 млн куб. футаў у суткі (на 25,71 працэнта).

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter, што падпісаў дакумент аб аб'яўленні стыхійнага бедства ў Тэхасе з-за ўрагану "Харві".

Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс паведаміла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адправіцца ў Тэхас 29 жніўня.

Паводле некаторых даных, на ліквідацыю наступстваў урагану "Харві" ўладам Тэхаса трэба будзе патраціць каля $40 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі