Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
11 красавіка 2018, 15:23

У Шведскай акадэміі выявілі ўцечку сакрэтных даных аб лаўрэатах Нобелеўскай прэміі

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Шведскай акадэміі раскрыта ўцечка сакрэтнай інфармацыі аб лаўрэатах Нобелеўскай прэміі па літаратуры розных гадоў. Аб гэтым стала вядома ў ходзе адвакацкага расследавання, паведамляюць інфармагенцтвы.

Паводле існуючых звестак, крыніца, звязаная са Шведскай акадэміяй, на працягу многіх гадоў датэрмінова паведамляла букмекерам імёны нобелеўскіх лаўрэатаў, у тым ліку Віславы Шымборскай (1996), Харалда Пінтэра (2005), Жан-Мары Гюстава Леклезіё (2008), Боба Дзілана (2016). Акрамя таго, неназваны "прадстаўнік культуры" нясвоечасова раскрыў імёны двух новых членаў Шведскай акадэміі. Доказам уцечкі служаць шматлікія паказанні сведак.

Імя будучага ўладальніка ўзнагароды строга засакрэчана да моманту афіцыйнага аб'яўлення. Самі члены Нобелеўскага камітэта па літаратуры пры абмеркаванні кандыдатур выкарыстоўваюць не сапраўдныя імёны пісьменнікаў, а выдуманыя ўмоўныя псеўданімы.

Раней паведамлялася, што адзін з членаў Шведскай акадэміі фігураваў у скандальнай гісторыі аб сексуальных дамаганнях. У непрыстойных паводзінах яго абвінавацілі 18 жанчын. У выніку скандалу адразу тры члены Нобелеўскага камітэта па літаратуры - Клас Эстэргрэн, Чэль Эспмарк і Петэр Энглунд - выказалі незадавальненне тым, як вядуцца справы ў акадэміі, і падалі ў адстаўку.

Цяпер шэсць пазіцый у Нобелеўскім камітэце па літаратуры з'яўляюцца вакантнымі. Па традыцыі, гэтыя месцы застануцца свабоднымі, пакуль жывыя акадэмікі, якія іх займалі.

Узнікшая сітуацыя можа справакаваць сур'ёзны крызіс у Шведскай акадэміі: калі яшчэ двое з членаў камітэта прымуць рашэнне аб адстаўцы, кворум, неабходны для прысуджэння галоўнай літаратурнай прэміі, не збярэцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі