1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чырвоны ўзровень небяспекі аб'яўлены сёння на ўсёй тэрыторыі Сербіі з-за снегападу і марозу, паведамляе ТАСС са спасылкай на Гідраметцэнтр краіны.
Згодна з прагнозам, тэмпература ў асобных раёнах можа апусціцца да мінус 20 градусаў. У гарадах Заечар і Балевац уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за моцнага снегападу, для ўборкі снегу прыцягваюцца ваеннаслужачыя. З-за пераахаладжэння ў Сербіі памёр 75-гадовы мужчына.
На 2 сакавіка ў Сербіі выпушчана папярэджанне аб магчымасці ледзянога дажджу. Чырвоны ўзровень небяспекі будзе дзейнічаць да 4 сакавіка, калі на Балканах чакаецца пацяпленне.
Між тым небывалы снегапад і галалёд блакіравалі вялікія аўтастрады на поўдні Францыі. Самая складаная сітуацыя склалася ў дэпартаменце Эро, у шырокай зоне вакол горада Манпелье. Там з вечара 28 лютага выпала да 30-50 см снегу. На галоўнай аўтастрадзе А-9, якая вядзе да іспанскай граніцы, людзі вымушаны былі правесці ноч у машынах. Мясцовыя ўлады экстранна адкрылі 25 цэнтраў для прыёму людзей, якіх дрэннае надвор'е напаткала ў дарозе. Мінулай ноччу ў іх былі размешчаны 1,4 тыс. чалавек. У цэлым дапамога была аказана 2,5 тыс.
Машыны для расчысткі снегу не могуць эфектыўна дзейнічаць, паколькі дарогу ім перагароджваюць увязнуўшыя грузавікі. Мясцовыя ўлады папярэдзілі, што пададуць у суд на вадзіцеляў фур, якія парушылі ўведзеную забарону на рух.
Улады дэпартамента Эро заклікалі грамадзян па магчымасці не пакідаць свае дамы з-за складанай сітуацыі з надвор'ем. Метэаролагі запэўніваюць, што гэтыя маразы ў Францыі - апошнія ў сезоне. Ужо 2 сакавіка амаль па ўсёй тэрыторыі краіны рэзка пацяплее.-0-