Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 сакавіка 2018, 12:51

Трамп падпісаў мемарандум аб гандлёвых мерах супраць Кітая, выклікаўшы абвал на біржах

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў мемарандум, які прадугледжвае комплекс гандлёвых мер супраць Кітая, паведамляе ТАСС.

Згодна з дакументам, прадстаўнік ЗША на гандлёвых перагаворах Роберт Лайтхайзер упаўнаважаны на працягу 15 дзён разгледзець магчымасць увядзення мытных пошлін адносна пэўных катэгорый прадукцыі з Кітая, падрыхтаваць пералік гэтых прадуктаў, а таксама ініцыіраваць разбор у рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) супраць КНР за парушэнні міжнародных правіл гандлю.

Прэзідэнт ЗША таксама даручыў міністру фінансаў Стывену Мнучыну на працягу 60 дзён падрыхтаваць прапановы па абмежаванні інвестыцый Кітая ў амерыканскія кампаніі.

Дональд Трамп, падпісваючы мемарандум, адзначыў, што гэта "толькі першы з мноства" пакетаў мер супраць Кітая.

Амерыканскі бок абвінавачвае Кітай у парушэнні інтэлектуальных правоў амерыканскіх кампаній. У жніўні 2017 года ў ЗША было ініцыіравана расследаванне, па выніках якога высветлілася, што Кітай выкарыстоўвае несумленныя гандлёвыя практыкі для набыцця ноу-хау і тэхналогій амерыканскіх кампаній, якія ў далейшым выкарыстоўваюцца кітайскімі прадпрыемствамі для атрымання канкурэнтных пераваг.

Улады КНР заявілі, што рыхтуюць меры ў адказ супраць Вашынгтона і не выключаюць увядзення пошлін на шэраг тавараў з ЗША. Паводле даных газеты The Wall Street Journal, Кітай можа ўвесці пошліны на амерыканскія прадукты сельскай гаспадаркі, якія вырабляюцца ў штатах з развітым аграрным сектарам. У прыватнасці, у Пекіне рыхтуюцца ўвесці зборы на амерыканскую сою, сорга і свіней.

Між тым на абмежавальныя меры ЗША адносна Кітая ўжо адрэагавалі сусветныя фондавыя біржы. Амерыканскі прамысловы індэкс Dow Jones знізіўся на 724,42 пункта (2,93 працэнта) па выніках сесіі 22 сакавіка на Нью-Ёркскай фондавай біржы. Індэкс S&P 500, які ўключае 500 самых буйных кампаній рынку ЗША, знізіўся на 68,24 пункта (2,52 працэнта). Індэкс электроннай біржы NASDAQ знізіўся на 178,61 пункта (на 2,43 працэнта).

Таргі на буйнейшай у Азіі Такійскай фондавай біржы завяршыліся сёння моцным падзеннем. Ключавы індэкс Nikkei, які адлюстроўвае ваганні курсаў акцый 225 вядучых кампаній краіны, да закрыцця таргоў апусціўся на 4,51 працэнта.

Індэкс "Шанхай кампазіт", які адлюстроўвае сітуацыю на Шанхайскай фондавай біржы, знізіўся сёння на ранішніх таргах больш як на 3 працэнты. Буйное зніжэнне каціровак адбылося і на Ганконгскай фондавай біржы. Індэкс Hang Seng скараціўся на 1140 пунктаў (3,67 працэнта).

Адмоўная дынаміка адзначана па ўсім спектры акцый. Страты нясуць усе без выключэння буйнейшыя "блакітныя фішкі", звязаныя з фінансамі, страхаваннем, сыравінай, прамысловасцю і гандлем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі