Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
19 верасня 2016, 17:26

Саміт па пытаннях бежанцаў і мігрантаў пачаў работу ў штаб-кватэры ААН

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Саміт па пытаннях бежанцаў і мігрантаў пачаў работу сёння ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі.

Саміт праходзіць у рамках Генасамблеі ААН. Мэта мерапрыемства - аб'яднаць намаганні краін для фарміравання больш гуманнага і ўзгодненага падыходу да вырашэння пытанняў, звязаных з перамяшчэннем вялікіх груп бежанцаў і мігрантаў. Чакаецца, што ўдзельнікі пасяджэння высокага ўзроўню адобраць падагульняючую палітычную дэкларацыю.

Праект заключнага дакумента быў узгоднены ўсімі 193 дзяржавамі - членамі ААН. Спецыяльны саветнік Генеральнага сакратара ААН Карэн Абузейд назвала яго магутным інструментам абароны бежанцаў і мігрантаў, у якім змешчана шмат новых і эфектыўных мер па абароне асоб, вымушаных ратавацца ад войнаў, насілля, наступстваў стыхійных бедстваў і голаду.

Апошнія гады назіраюцца самыя маштабныя за 70 гадоў перамяшчэнні насельніцтва праз міжнародныя граніцы. Працяглыя канфлікты, парушэнні правоў чалавека, эканамічныя хваляванні, змяненне клімату і стыхійныя бедствы прымушаюць усё большую колькасць людзей пакідаць свае дамы. На шляху ў пошуках прыстанішча яны перажываюць неймаверныя пакуты. За апошнія 15 гадоў колькасць міжнародных мігрантаў павялічылася на 40 працэнтаў і перавысіла 230 млн чалавек. Больш за 60 млн чалавек (палавіна з іх - дзеці) сталі цяпер бежанцамі або ўнутранымі перасяленцамі.

Генеральная Асамблея ААН упершыню склікала на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў пасяджэнне, якое прысвечана перамяшчэнню вялікіх груп бежанцаў і мігрантаў і ўяўляе сабой гістарычную магчымасць для выпрацоўкі больш эфектыўных міжнародных мер. Гэта пасяджэнне - пераломны момант у аптымізацыі кіравання міжнароднай міграцыяй і ўнікальная магчымасць для фарміравання больш адказнай і прадказальнай сістэмы рэагавання на перамяшчэнне вялікіх груп бежанцаў і мігрантаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі