Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
07 кастрычніка 2019, 16:36

Прэзідэнт Аўстрыі даручыў Курцу сфарміраваць новы ўрад

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен даручыў лідару кансерватыўнай Аўстрыйскай народнай партыі (АНП) Себасцьяну Курцу сфарміраваць новы ўрад рэспублікі па выніках датэрміновых выбараў у Нацыянальны савет (ніжняя палата парламента). Аб гэтым паведамляе аўстрыйская грамадская тэлерадыёкампанія Oesterreichischer Rundfunk.

Цырымонія ўручэння мандата на фарміраванне новага ўрада Аўстрыі адбылася сёння ў адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ў палацы Хофбург у Вене. Себасцьян Курц сказаў, што хоча правесці перагаворы з прадстаўнікамі партый, якія прайшлі ў парламент, у бліжэйшыя дні. Ён падкрэсліў, што кіраваць краінай павінна стабільная кааліцыя. "Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб апраўдаць той вялікі давер, які мы атрымалі ад выбаршчыкаў", - заявіў лідар АНП. Аляксандр Ван дэр Белен у размове з Себасцьянам Курцам падкрэсліў, што адной з прыярытэтных задач новага ўрада Аўстрыі павінна стаць абарона клімату.

Себасцьян Курц атрымаў права пачаць перагаворы па пытанні ўтварэння новага кабінета міністраў, таму што яго партыя перамагла на выбарах і атрымала большую частку дэпутацкіх мандатаў, паведамляе ТАСС. Работа па фарміраванні кабінета можа прадоўжыцца да каталіцкага Раства, 25 снежня. У Себасцьяна Курца наперадзе доўгія і складаныя перагаворы з прадстаўнікамі чатырох партый, якія таксама прайшлі ў парламент. Пераходны ўрад на чале з першай жанчынай - канцлерам Аўстрыі Брыгітэ Бірляйн прадоўжыць выконваць абавязкі да стварэння новага кабінета міністраў.

Датэрміновыя парламенцкія выбары прайшлі ў Аўстрыі 29 верасня. Згодна з афіцыйнымі вынікамі выбараў, якія абнародаваны 3 кастрычніка, АНП набрала 37,5 працэнта галасоў. Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі (СДПА) заняла другое месца з 21,2 працэнта галасоў (40 мандатаў). На трэцім месцы - Аўстрыйская партыя свабоды (АПС) з 16,2 працэнта галасоў (31 мандат). Далей размясціліся "Зялёныя" з 13,9 працэнта галасоў (26 мандатаў), ліберальная партыя "Новая Аўстрыя" з 8,1 працэнта галасоў - на пятым месцы (15 мандатаў). Астатнія палітычныя рухі не змаглі пераадолець неабходны бар'ер для таго, каб трапіць у парламент.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі