Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 ліпеня 2018, 16:11

Прэм'ер Грэцыі аб'явіў трохдзённую жалобу па загінулым ад лясных пажараў

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас аб'явіў трохдзённую жалобу па загінулым у выніку лясных пажараў, паведамляе ТАСС.

"Сёння Грэцыя смуткуе. І ў памяць аб загінулых мы аб'яўляем трохдзённую нацыянальную жалобу", - гаворыцца ў звароце прэм'ер-міністра да грамадзян. Кіраўнік урада выказаў асаблівую ўдзячнасць пажарным, медыкам, ратавальнікам і добраахвотнікам, якія змагаюцца са стыхіяй і ратуюць жыцці пацярпелых. Алексіс Цыпрас таксама падзякаваў замежным лідарам, якія прапанавалі дапамогу ў барацьбе са стыхіяй.

Згодна са звесткамі Афінскага інфармацыйнага агенцтва (АМНА), пажары ў Грэцыі забралі жыцці больш як 60 чалавек, звыш 170 пацярпелі ў выніку стыхійнага бедства. Многія да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак.

Паводле апошніх даных Пажарнай аховы Грэцыі, у 47 раёнах краіны пажары працягваюцца. Асноўнымі лічацца тры ўчасткі паблізу Афін. Паведамляецца, што турыстам, якія наведваюць сталіцу і грэчаскія астравы, нішто не пагражае, аднак улады не рэкамендуюць ім ездзіць у раёны, дзе пакуль не ўдалося ліквідаваць стыхію.

Раней стала вядома, што буйныя лясныя пажары таксама ўспыхнулі ў вобласці Карынфія на паўвостраве Пелапанес і паблізу горада Ханья на востраве Крыт. Адзначаецца, што ў гэтых рэгіёнах агонь не ўяўляе небяспекі для населеных пунктаў.

Па ўсёй краіне з агнём змагаюцца шматлікія атрады пажарных на зямлі, а таксама пажарная авіяцыя. Бальніцы пераведзены на ўзмоцнены рэжым работы.

Сваю дапамогу ў ліквідацыі пажараў Грэцыі прапанавалі Балгарыя, Ізраіль, Іспанія, Расія і іншыя краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі