27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пракуратура Рэспублікі Карэя накіравала афіцыйны запыт на арышт былога прэзідэнта Пак Кын Хе, паведамляюць інфармагенцтвы.
Пракуратура распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што экс-прэзідэнт, знаходзячыся на свабодзе, магла знішчыць частку доказаў, якія сведчаць аб яе віне ў карупцыі і злоўжыванні ўладай. Яе саўдзельніца Чхве Сун Сіль, чыноўнікі, якія выконвалі яе ўказанні, ужо затрыманы.
Скандал вакол былога прэзідэнта Пак Кын Хе разгарэўся ў кастрычніку 2016 года, калі СМІ паведамілі аб уплыве на лідара краіны з боку яе сяброўкі Чхве Сун Сіль. Расследаванне выявіла, што на працягу некалькіх гадоў жанчына ведала дэталі кіравання краінай і ўмешвалася ў прыняцце палітычных рашэнняў. Сяброўка экс-прэзідэнта аказвала націск на асобныя кампаніі, у тым ліку Samsung, каб прымусіць іх кіраўніцтва пералічыць дзясяткі мільёнаў долараў у падкантрольныя ёй фонды. Паводле некаторых версій, экс-прэзідэнт сама ўдзельнічала ў карупцыйных схемах або як мінімум ведала аб тым, што адбываецца.
У канцы 2016 года парламент Рэспублікі Карэя прыняў рашэнне аб імпічменце Пак Кын Хе. Урад вырашыў правесці датэрміновыя выбары прэзідэнта краіны 9 мая.-0-