13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзевяць чалавек загінулі і 36 атрымалі раненні ў выніку дарожна-транспартнага здарэння ў правінцыі Карчы, размешчанай у паўночнай частцы Эквадора на граніцы з Калумбіяй. Аб гэтым паведамляе калумбійская газета El Heraldo.
Аварыя здарылася 12 мая. Па нявысветленых пакуль прычынах пасажырскі аўтобус з'ехаў з дарогі і перавярнуўся.
Наступствы ДТЗ былі аператыўна ліквідаваны. Як паведамляе мясцовая паліцыя, большасць пацярпелых - грамадзяне Эквадора, сярод параненых таксама ёсць выхадцы з Калумбіі і Венесуэлы. Паводле інфармацыі калумбійскай газеты El Comercio, чацвёра шпіталізаваных знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ 16 маюць больш лёгкія траўмы.
Вадзіцель аўтобуса, паводле даных запісу відэанагляду, уцёк з месца здарэння. Вядзецца расследаванне.-0-