14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Землетрасенне, якое адбылося 12 лістапада на мяжы Ірана і Ірака, забрала жыцці як мінімум 530 чалавек, амаль 7,5 тыс. пацярпелі, паведамляе ТАСС.
Раней паведамлялася аб 450 загінулых і 7 тыс. пацярпелых.
Паводле абноўленых даных, землетрасенне закранула 1 650 гарадоў і населеных пунктаў у сямі іранскіх правінцыях. Поўнасцю разбураны 12 тыс. дамоў, яшчэ столькі ж атрымалі значныя пашкоджанні. У раёне бедства прадаўжаюцца пошукава-выратавальныя аперацыі. Мноства людзей могуць па-ранейшаму знаходзіцца пад заваламі.
Сёння прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані наведаў правінцыю Керманшах, якой у выніку землетрасення быў нанесены найбольшы ўрон. Хасан Раўхані паабяцаў, што ўрад і УС краіны задзейнічаюць усе свае рэсурсы і магчымасці для аказання дапамогі насельніцтву рэгіёна і вяртання жыхароў Керманшаха да нармальнага жыцця.
Увечары 12 лістапада за 200 км на паўночны ўсход ад Багдада і за 100 км на захад ад іранскага горада Керманшах адзін за другім былі зафіксаваны два ўдары стыхіі магнітудай 7,2 і 7,3. Ачагі залягалі на глыбіні 19 і 25 км, падземныя штуршкі адчуваліся таксама ў Кувейце, ААЭ і Ізраілі.
У Іране сёння аб'яўлены ўсенародны дзень жалобы па ахвярах землетрасення.-0-