12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць загінулых у выніку апоўзня, што разбурыў дзясяткі дамоў на паўднёвым усходзе М'янмы, павялічылася да 59, паведамляе індыйскае інфармацыйнае агенцтва IANS.
Раней паведамлялася пра 40 загінулых. Аварыйныя службы па-ранейшаму працуюць на месцы інцыдэнту, спрабуючы знайсці выжыўшых сярод абломкаў будынкаў з дапамогай экскаватараў і цяжкай тэхнікі. Паводле некаторых даных, пад заваламі могуць знаходзіцца каля 100 чалавек. Мясцовыя ўлады апасаюцца новага сыходжання апоўзняў у пацярпелым ад стыхіі раёне, паколькі ліўні тут не спыняюцца.
Магутны апоўзень, выкліканы праліўнымі дажджамі, сышоў 8 жніўня ў горадзе Паўнг, штат Мон. У выніку мясцовыя жыхары, будынкі і шматлікія транспартныя сродкі апынуліся пад патокамі гразі і камення. Паводле даных ААН, моцныя мусонныя дажджы прывялі да эвакуацыі амаль 38 тыс. чалавек па ўсёй М'янме.-0-