Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 верасня 2019, 10:41

Кангрэс ЗША пачынае працэдуру імпічменту Трампа

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў Кагрэса пачынае працэдуру імпічменту прэзідэнта Дональда Трампа. Аб гэтым аб'явіла 24 верасня спікер палаты Нэнсі Пэласі (дэмакрат ад штата Каліфорнія), паведамляе ТАСС.

"Палата прадстаўнікоў пачынае афіцыйнае расследаванне ў рамках працэдуры імпічменту. Я даю ўказанне нашым шасці камітэтам пачаць правядзенне ўласных расследаванняў", - сказала Нэнсі Пэласі, якая займае ў дзяржаўнай іерархіі ЗША трэцюю па значнасці пасаду. Яна мела на ўвазе спецкамітэт па разведцы, камітэты па замежных справах, па наглядзе і ўрадавай рэформе, па даходах і расходах, па фінансавых паслугах, а таксама юрыдычны камітэт.

"Апошнія некалькі месяцаў мы вялі расследаванне ў нашых камітэтах і звярталіся ў суды, каб Палата прадстаўнікоў магла сабраць усе факты, якія адносяцца да справы, і вырашыць, ці прымяняць існуючыя ў яе ў адпаведнасці з першым артыкулам канстытуцыі паўнамоцтвы, у тым ліку выключныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы: адабрэнне артыкулаў імпічменту. На гэтым тыдні прэзідэнт прызнаў, што звяртаўся да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, каб той ажыццявіў дзеянні, якія пойдуць яму на карысць з палітычнага пункту гледжання", - сцвярджала Нэнсі Пэласі.

"Паводзіны Трампа на пасадзе прэзідэнта раскрываюць несумленныя факты, якія датычацца парушэння з боку прэзідэнта клятвы, якую ён даваў пры ўступленні на пасаду, падрыву нацыянальнай бяспекі і цэласнасці нашых выбараў", - падкрэсліла яна.

Нэнсі Пэласі прадстаўляе Дэмакратычную партыю ЗША, якая мае большасць у Палаце прадстаўнікоў. Рашэнне аб пачатку запуску працэдуры імпічменту было агучана пасля завяршэння закрытага пасяджэння ўсёй фракцыі дэмакратаў у ніжняй палаце Кангрэса. На гэтым пасяджэнні разглядалася пытанне аб наяўнасці падстаў для расследавання ў рамках працэдуры імпічменту пасля паведамленняў у СМІ аб нібыта спробах Дональда Трампа аказваць націск на Уладзіміра Зяленскага з мэтай пабудзіць Украіну ўскосна дапамагчы кіраўніку вашынгтонскай адміністрацыі перавыбрацца на другі тэрмін у 2020 годзе.

Імпічмент, згодна з канстытуцыяй ЗША, прадугледжвае прыцягненне да адказнасці шляхам адхілення ад пасады федэральных служачых, у тым ліку прэзідэнта ЗША, калі яны будуць вінаватыя ў здрадніцтве, хабарніцтве або іншых цяжкіх злачынствах і правіннасцях. Да сённяшняга дня працэдура імпічменту кіраўніка дзяржавы ініцыіравалася ў гісторыі Злучаных Штатаў толькі тройчы, і яе запуск яшчэ зусім не азначае, што Трамп будзе пазбаўлены пасады.

Выключнай прэрагатывай фармуляваць і выстаўляць абвінавачанне валодае Палата прадстаўнікоў. Кангрэсмены праводзяць галасаванне за тое, каб перадаць пытанне на разгляд свайго юрыдычнага камітэта, дзе праводзіцца расследаванне абвінавачанняў. Калі ёсць падставы, то рыхтуецца фактычнае абвінаваўчае заключэнне. Пасля зацвярджэння камітэтам дакумент накіроўваецца на разгляд Палаты прадстаўнікоў поўнага складу. Для яго зацвярджэння спатрэбіцца простая большасць галасоў, якую пры цяперашняй расстаноўцы сіл заканадаўцы Дэмакратычнай партыі ЗША, што знаходзяцца цяпер у апазіцыі, тэарэтычна могуць набраць.

У выпадку зацвярджэння абвінавачанні перадаюцца ў Сенат Кангрэса, дзе працэдура ператвараецца ў судовы працэс. Палата прадстаўнікоў на ім фактычна выступае бокам абвінавачання, а сенатары выконваюць ролю членаў суда прысяжных. Каб імпічмент адбыўся, неабходна не менш як дзве трэці галасоў сенатараў (не менш як 67). Па гэтай прычыне пры цяперашнім складзе Сената верагоднасць галасавання на карысць імпічменту фактычна зводзіцца да нуля. З пачатку бягучага года рэспубліканцы (па выніках лістападаўскіх прамежкавых выбараў) займаюць у верхняй палаце Кангрэса 53 месцы са 100.

Абмеркаванне магчымасці пачатку працэдуры імпічменту пачалося пасля таго, як палітычныя апаненты Трампа агучылі версію, згодна з якой амерыканскі лідар у час размовы з Зяленскім намякнуў, што блакіруе выдзяленне ваеннай дапамогі Украіне, калі Кіеў адмовіцца праводзіць расследаванне, звязанае з былым віцэ-прэзідэнтам ЗША Джозэфам Байдэнам і яго сынам. Байден цяпер з'яўляецца найбольш верагодным канкурэнтам Трампа на маючых адбыцца выбарах. Ён мае найвышэйшыя шанцы на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі.

Як сцвярджала раней са спасылкай на свае крыніцы газета The Wall Street Journal, у час тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны ў ліпені прэзідэнт ЗША заяўляў аб тым, што ўкраінскаму лідару трэба аказаць садзейнічанне адвакату Трампа Рудольфу Джуліяні, які выступае за правядзенне на Украіне разбору, звязанага з Джозэфам Байдэнам і яго сынам. Рудольф Джуліяні прызнаў факт сваіх сустрэч у чэрвені і жніўні з украінскімі афіцыйнымі асобамі для абмеркавання з імі гэтага пытання. На думку адваката, Джозэф Байдэн, калі быў віцэ-прэзідэнтам ЗША, мог аказваць націск на Кіеў, каб спыніць расследаванне ў адносінах да звязанай з яго сынам Хантэрам украінскай газавай кампаніі Burisma. Улады ў Кіеве заявілі, што не выкрылі ні Байдэна, ні яго сына ні ў якіх злачынствах.

Сам Дональд Трам заявіў, што з боку ЗША не было ніякага націску або размовы аб паслузе за паслугу. Ён таксама распарадзіўся апублікаваць поўную сценаграму яго ліпеньскай тэлефоннай размовы з Уладзімірам Зяленскім.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі