6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Іранскі бок з 6 лістапада пачне абагачэнне ўрану да 5 працэнтаў на аб'екце ў Форда. Аб гэтым заявіў кіраўнік Арганізацыі па атамнай энергіі Ірана Алі Акбар Салехі, паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва ISNA.
"Пачынаючы з заўтрашняга дня на аб'екце ў Форда мы будзем абагачаць уран да 5 працэнтаў", - цытуе Алі Акбара Салехі агенцтва ISNA.
Паводле слоў Салехі, да заключэння ядзернай здзелкі "Іран абагачаў уран у Форда да 20 працэнтаў". "Сёння ў нас дастаткова запасаў урану, які абагачаны да 20 працэнтаў", - дадаў ён.
Чыноўнік адзначыў, што напаўненне газам цэнтрыфуг на аб'екце "адбудзецца ў сераду ў прысутнасці прадстаўнікоў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі". Ён паведаміў таксама, што акрамя ўрану ў Форда будуць абагачаць стабільныя ізатопы.
5 лістапада прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані аб'явіў, што новы этап скарачэння Тэгеранам абавязацельстваў па ядзернай праграме пачнецца 6 лістапада з запуску цэнтрыфуг на аб'екце ў Форда.
Згодна з падпісаным у 2015 годзе Сумесным усёабдымным планам дзеянняў, Іран павінен мадэрнізаваць прадпрыемства па вытворчасці стабільных ізатопаў у Форда пад кантролем міжнародных наглядальнікаў. Планавалася, што рэканструкцыя выключыла б магчымасць выкарыстання гэтага аб'екта ў ваенных мэтах.-0-