Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
25 верасня 2018, 12:40

Іран цалкам выконвае ўмовы ядзернай здзелкі - Магерыні

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі ядзернай здзелкі з Іранам лічаць, што Тэгеран цалкам выконвае яе ўмовы, і гатовы прадаўжаць супрацоўніцтва з ім у эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах. Аб гэтым заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні пасля сустрэчы з прадстаўнікамі пяці краін (Расія, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Францыя), якія ўдзельнічаюць у сумесным усёабдымным плане дзеянняў (СУПД) па іранскай ядзернай праграме, паведамляе ТАСС.

Федэрыка Магерыні зачытала сумесную заяву дзяржаў "пяцёркі", у якой гаворыцца, што ўдзельнікі СУПД прызналі поўнае выкананне Іранам абавязацельстваў, якія датычацца ядзернай сферы, што пацвярджаецца дакладамі МАГАТЭ.

У дакуменце адзначаецца, што ўдзельнікі СУПД прадоўжаць аказваць падтрымку Ірану ў мадэрнізацыі рэактара, перабудове аб'екта ў Форда ў цэнтр ядзерных тэхналогій і фізічных даследаванняў, а таксама ў праектах у сферы прымянення мірнага атама.

Як паведамляе ВВС, Федэрыка Магерыні заявіла, што ўдзельнікі іранскай ядзернай здзелкі маюць намер ахоўваць свабоду сваіх эканамічных структур у вядзенні законнага бізнесу з Іранам. У прыватнасці, яна анансавала стварэнне новай плацежнай сістэмы для падтрымання бізнесу з Іранам ва ўмовах санкцый ЗША. Сістэма будзе садзейнічаць таму, каб нафтавыя кампаніі і прадпрыемствы прадаўжалі весці гандаль, не разлічваючы на рынак і долар ЗША.

Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў быў заключаны пастаяннай пяцёркай Савета Бяспекі ААН і Германіяй з Іранам у 2015 годзе. Дамоўленасць абмяжоўвала ядзерныя распрацоўкі Тэгерана ў абмен на адмену санкцый Савета Бяспекі ААН і аднабаковых абмежавальных мер, уведзеных у свой час ЗША і ЕС.

У маі 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў аб выхадзе з СУПД, нягледзячы на пацвярджэнні МАГАТЭ аб выкананні Тэгеранам з 2015 года ўсіх узятых на сябе абавязацельстваў у рамках ядзернага дагавора. У жніўні амерыканскі лідар падпісаў указ аб аднаўленні ў два этапы санкцый супраць Ірана.

ЕС, які выступіў за захаванне ядзернай здзелкі, цяпер прадаўжае супрацоўнічаць з Іранам. Такім чынам, санкцыі ЗША адносна Ірана не дзейнічаюць на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі