Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
23 красавіка 2018, 14:01

Халодная вайна вярнулася - генеральны сакратар ААН

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш лічыць, што свет зноў знаходзіцца ў стане халоднай вайны. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу SVT, паведамляе ТАСС.

"Зразумела адно, што халодная вайна вярнулася. Але ёсць розніца між тым, што было раней, і сітуацыяй цяпер, - лічыць Антоніу Гутэрыш. - Цяпер Злучаныя Штаты і Расія не кантралююць усіх, як гэта было тады. Многія краіны вельмі актыўныя ў (блізкаўсходнім) рэгіёне: Турцыя, Іран, Саудаўская Аравія і іншыя. Не існуе двух аднародных кантралюемых блокаў. У час папярэдняй халоднай вайны існавалі функцыі для дыялогу, кантролю і камунікацыі, каб гарантаваць, што, калі ўзнікне рызыка канфрантацыі, падзеі не будуць выходзіць з-пад кантролю. Цяпер больш няма тых механізмаў".

Антоніу Гутэрыш адзначыў, што пакуль у СБ ААН існуюць такія прынцыповыя рознагалоссі, вырашыць сітуацыю вакол Сірыі немагчыма. "У Сірыі прысутнічаюць некалькі розных армій, разнастайныя апалчэнцы, баевікі з усяго свету, сутыкаюцца розныя інтарэсы, ідзе халодная вайна, ёсць канфлікт паміж сунітамі і шыітамі, існуюць і іншыя рознагалоссі паміж рознымі часткамі рэгіёна, - гаворыць ён. - Наіўна меркаваць, што ААН можа магічна вырашыць усе гэтыя праблемы, асабліва калі Савет Бяспекі настолькі разрознены".

Паводле слоў генеральнага сакратара ААН, сёння ў Савеце Бяспекі існуе структурная праблема. "Вета стала інструментам, які выкарыстоўваецца вельмі часта. Існуе дыскусія аб рэформах, каб СБ больш адпавядаў сённяшняму свету. Як я ўжо неаднаразова гаварыў: без рэформы Савета Бяспекі не будзе поўнай рэформы ААН", - лічыць генеральны сакратар.

Антоніу Гутэрыш таксама адзначыў, што ў час нефармальнай сустрэчы СБ ААН, якая прайшла 21-22 красавіка ў Швецыі, адбылася канструктыўная дыскусія, якая дала магчымасць прыняць некаторыя перспектыўныя рашэнні. "Мы вырашылі працаваць разам, каб паспрабаваць выйсці з драматычнага тупіка, у якім мы знаходзіліся з-за пытання адказнасці за хімічныя атакі ў Сірыі", - растлумачыў Антоніу Гутэрыш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі