Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
13 ліпеня 2018, 15:48

Генеральны сакратар ААН аб'явіў аб стварэнні новага органа па супрацоўніцтве ў галіне лічбавых тэхналогій

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новы орган па супрацоўніцтве ў сферы лічбавых тэхналогій будзе створаны ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН). Як паведамляе ТАСС, аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

"Я прыняў рашэнне аб стварэнні панэлі па супрацоўніцтве ў сферы лічбавых тэхналогій", - сказаў ён. "Новыя тэхналогіі, такія як блокчэйн, узнікаюць кожны дзень. Я бачу ААН як унікальную платформу для дыялогу ў час тэхнічнага века", - адзначыў Антоніу Гутэрыш.

Генеральны сакратар паведаміў, што новы кансультатыўны орган павінен праз 9 месяцаў прадставіць яму свае прапановы па вырашэнні праблем у галіне лічбавых тэхналогій.

Як адзначыў Гутэрыш, лічбавыя тэхналогіі мяняюць свет і грамадства, што робіць міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай сферы неабходным. "Глабальная супольнасць цяпер сутыкаецца з пытаннямі этыкі, правоў чалавека і бяспекі ў сферы тэхналогій. Трэба, каб даследчыкі, палітолагі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі грамадзянскай і навуковай супольнасці селі за адзін стол, абменьваліся меркаваннямі ў гэтай сферы і прапаноўвалі свае рашэнні. Новая панэль дапаможа нам рухацца да выканання мэт устойлівага развіцця", - упэўнены ён.

Акрамя таго, генеральны сакратар ААН закрануў тэму мігрантаў. Ён адзначыў, што міжнародная супольнасць павінна прыняць меры для абароны правоў мігрантаў. "Як чакаецца, у пятніцу Генеральная Асамблея ААН прыме дакумент аб бяспечнай, упарадкаванай глабальнай міграцыі. У выніку будуць створаны ўмовы для ўпарадкавання працэсу міграцыі. Акрамя таго, будуць прыняты меры для таго, каб пашырыць міжнароднае ўзаемадзеянне ў барацьбе з тымі, хто займаецца незаконнай перапраўкай людзей, і ў забеспячэнні абароны мігрантаў", - сказаў ён. "Кожная з краін мае права і абавязак вызначаць сваю міграцыйную палітыку і забяспечваць ахову сваіх меж. Аднак яны павінны дзейнічаць пры гэтым пры поўным захаванні правоў чалавека", - падкрэсліў Гутэрыш.

Антоніу Гутэрыш таксама расказаў, што асноўная работа па падрыхтоўцы рэформ сакратарыята ААН ужо ажыццёўлена, цяпер неабходна пачаць іх увасабленне ў жыццё. "Што датычыцца рэформ, якія мы цяпер запускаем, гэта рэформы сакратарыята ААН і сістэмы развіцця арганізацыі, яны не датычацца палітычных органаў. Да гэтага моманту мы прынялі ўжо шэраг рашэнняў, якія дазволяць пачацца пераўтварэнням", - адзначыў ён. "Ёсць некалькі тэм, якія яшчэ трэба абмеркаваць. Цяпер мы будзем працаваць над змяненнем фінансавання сістэмы развіцця ААН. У той жа час шэраг рашэнняў, як, напрыклад, рашэнне па кіраванні персаналам, былі адкладзены для больш дэталёвага абмеркавання", - прадоўжыў кіраўнік арганізацыі. Паводле яго слоў, галоўная мэта цяпер заключаецца ў тым, каб пачаць рэформы з 1 студзеня 2019 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі