Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 верасня 2019, 15:31

Брытанскі суд прызнаў неправамерным рашэнне Джонсана прыпыніць работу парламента

24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вярхоўны суд Вялікабрытаніі аб'явіў неправамерным рашэнне прэм'ер-міністра Борыса Джонсана прыпыніць работу парламента, паведамляе ВВС.

Старшыня Вярхоўнага суда Брэнда Хейл заявіла ў зале суда, што ўрад Борыса Джонсана не прад'явіў ніякіх разумных абгрунтаванняў для прыпынення работы на пяць тыдняў перад запланаваным выхадам краіны з Еўрасаюза. Таму ўсе 11 суддзяў калегіі аднагалосна вырашылі, што прыпыненне работы было незаконным.

У канцы жніўня Борыс Джонсан папрасіў каралеву прыпыніць работу парламента да 14 кастрычніка. Апаненты Джонсана абвінавацілі яго ў тым, што адтэрміноўка пасяджэнняў парламента прызначана перашкодзіць дэпутатам Палаты абшчын заблакіраваць выхад краіны з Еўрасаюза, які назначаны на 31 кастрычніка, без пагаднення аб умовах Brexit.

Сённяшнім рашэннем Вярхоўны суд Вялікабрытаніі фактычна прызнаў прэм'ер-міністра Борыса Джонсана вінаватым у злоўжыванні ўладай. Пасля такога рашэння апаненты прэм'ера могуць запатрабаваць яго адстаўкі.

Раней Борыс Джонсан, адказваючы на пытанне журналістаў, ці пойдзе ён у адстаўку ў выпадку пройгрышу ў Вярхоўным судзе, адказаў, што ўважліва вывучыць рашэнне суда і што ўрад цалкам паважае закон і суд.

Прэм'ер-міністр таксама заяўляў, што прыпыненне работы ўрада - гэта звычайная працэдура падрыхтоўкі новай заканадаўчай праграмы ўрада і ў гэтым выпадку яна аб'яўлена выключна з той жа мэтай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі