10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 63 тыс. чалавек апынуліся ў раёнах, ахопленых паводкай у паўночна-ўсходнім індыйскім штаце Асам, паведамляе ТАСС са спасылкай на тэлеканал NDTV.
Паводле даных тэлеканала, у зоне затаплення ўжо апынуліся 143 вёскі і колькасць затопленых населеных пунктаў пастаянна расце.
Паводка ў штаце Асам выклікана моцнымі ліўнямі, якія прадаўжаюцца з мінулай нядзелі. Узровень вады ў самай вялікай рацэ гэтай часткі краіны Брахмапутры рэзка вырас. Стыхійнае бедства ўжо закранула восем з 27 акруг штата. Улады адкрываюць лагеры часовага размяшчэння бежанцаў.
Праліўныя дажджы і паводка пашкодзілі шэраг мастоў і дарог у Асаме. Сіноптыкі папярэджваюць, што ліўні могуць прадаўжацца яшчэ не менш за пяць дзён.-0-