Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
10 лістапада 2017, 09:53

Белы дом: Пуцін і Трамп не сустрэнуцца ў В'етнаме

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным у час саміту АЦЭС у В'етнаме не адбудзецца. Аб гэтым паведамляе Bloomberg са спасылкай на прэс-сакратара амерыканскага лідара Сару Сандэрс.

Паводле слоў Сары Сандэрс, фармальную сустрэчу не ўдасца арганізаваць з-за шчыльнага графіка кіраўніка Белага дома.

Раней, як паведамляў ТАСС, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што ў Крамлі разлічваюць на завяршэнне ўзгаднення дакладнага часу, месца і фармату сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў у бліжэйшы час. Ён указваў, што абмяркоўваецца варыянт правядзення такіх перагавораў у пятніцу, 10 лістапада, але няма "нейкага ўзгодненага парадку дня".

Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў таксама заяўляў, што Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп змогуць абмеркаваць на сустрэчы ў В'етнаме сітуацыю ў Сірыі і на Карэйскім паўвостраве, а таксама двухбаковыя адносіны. Да гэтага прэзідэнты Расіі і ЗША сустракаліся асабіста на саміце G20 у Гамбургу ў ліпені 2017 года, а таксама некалькі разоў гаварылі па тэлефоне.

Сёння, 10 лістапада, Уладзімір Пуцін прыбыў у в'етнамскі Дананг, дзе адбудзецца саміт Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Саміт форуму Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва пройдзе ў Данангу (В'етнам) 10-11 лістапада. АЦЭС-2017 - другі ў гісторыі саміт Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, які праводзіць В'етнам. У 2006 годзе краіна ўжо выступала арганізатарам сустрэчы лідараў эканомік АЦЭС, якая праходзіла ў Ханоі. Сваё цяперашняе старшынства ў форуме В'етнам разглядае ў якасці спрыяльнай магчымасці для садзейнічання пашырэнню гандлю і інвестыцый як у глабальным маштабе, так і ва ўласных адносінах з замежнымі партнёрамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі