Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
28 чэрвеня 2017, 10:40

Атака віруса-вымагальніка выклікала хаос па ўсім свеце

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кампаніі многіх краін паведамляюць пра атаку віруса-вымагальніка. Як перадае Бі-Бі-Сі, кібератака, якая адбылася напярэдадні, выклікала хаос па ўсім свеце.

У ліку пацярпелых - брытанскае рэкламнае агенцтва WPP, яго IT-сістэмы выйшлі са строю. У Брытаніі расследаваннем чарговага нападзення хакераў займаецца Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю.

Паведамляецца, што найбольш пацярпелі ўкраінскія кампаніі - вірус заразіў камп'ютары некалькіх міністэрстваў, энергетычных кампаній і банкаў, СМІ, сотавых аператараў, буйной сеткі заправак, кіеўскага аэрапорта Барыспаль і кіеўскага метро.

У Расіі маштабнаму хакерскаму нападзенню падвергіся серверы "Раснафты" і "Башнафты", металургічная кампанія Evraz і некалькі невялікіх кампаній.

Пра нападзенні на свае рэсурсы паведамілі і некаторыя замежныя кампаніі, у тым ліку дацкая A.P. Moller-Maersk, якая займаецца марскімі грузаперавозкамі, іспанскае прадстаўніцтва адной з буйнейшых у свеце юрыдычных кампаній DLA Piper і харчовы гігант Mondelez. У ліку пацярпелых таксама французская кампанія будаўнічых матэрыялаў St Gobain і неназваная нарвежская кампанія.

Эксперты лічаць, што праграма выкарыстоўвае тыя ж слабыя месцы, што і вірус WannaСry, які вывеў са строю тысячы сервераў па ўсім свеце ў мінулым месяцы. "Здаецца, што гэта разнавіднасць праграмнага забеспячэння, якое з'явілася ў мінулым годзе", - лічыць спецыяліст у галіне камп'ютарнай бяспекі прафесар Алан Вудвард.

Прадстаўнік фірмы Recorded Future, якая спецыялізуецца на камп'ютарнай бяспецы, расказаў Бі-бі-сі, што за апошнія 12 месяцаў на многіх форумах бачыў праграму, выстаўленую на продаж. "На форумах за яе просяць усяго $28, - сказаў Андрэй Барысевіч. - Але мы не ведаем, ці выкарыстоўваецца апошняя вядомая версія праграмы або яе новая разнавіднасць".

На яго думку, атакі не спыняцца, таму што кіберзлачынцы лічаць гэты бізнес вельмі прыбытковым. "Паўднёвакарэйская хостынгавая кампанія заплаціла мільён долараў, каб аднавіць даныя, - сказаў ён. - Гэта вялікая матывацыя, самае вялікае ўзнагароджанне, якое маглі б прапанаваць кіберзлачынцу".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі