Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
08 кастрычніка 2019, 15:59

Аб'яўлены лаўрэаты Нобелеўскай прэміі - 2019 па фізіцы

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нобелеўская прэмія 2019 года па фізіцы прысуджана Джэймсу Піблзу, Мішэлю Маёру і Дідзье Кело. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце прэміі.

Адна палавіна ўзнагароды прысуджана Джэймсу Піблзу за тэарэтычныя адкрыцці ў галіне фізічнай касмалогіі, другая - Мішэлю Маёру і Дзідье Кело за сумеснае адкрыццё экзапланеты, якая верціцца вакол зоркі сонечнага тыпу за межамі нашай Сонечнай сістэмы. Як адзначылі ў камітэце Нобелеўскай прэміі, гэтыя адкрыцці назаўсёды змянілі ўяўленні чалавецтва пра сусвет.

Джэймс Піблз - канадскі і амерыканскі фізік, які працуе ў галіне тэарэтычнай касмалогіі. Мішэль Маёр - швейцарскі астрафізік, ганаровы прафесар Універсітэта Жэневы. Дзідзье Кело - швейцарскі астраном.

У 2018 годзе Нобелеўская прэмія па фізіцы была прысуджана Артуру Эшкіну, Жэрару Муру і Донне Стрыкленд за наватарскія вынаходствы ў галіне лазернай фізікі.

Нобелеўская прэмія па фізіцы ўручаецца з 1901 года, яе першым лаўрэатам стаў нямецкі фізік Вільгельм Конрад Рэнтген. Усяго ў перыяд з 1901 па 2018 год прысуджаны 112 Нобелеўскіх прэмій па фізіцы, тры з іх атрымалі жанчыны: Марыя Складоўская-Кюры (1903 год), Марыя Геперт-Маер (1963) і Донна Стрыкленд (2018). Адзін чалавек, амерыканскі вучоны Джон Бардзін, быў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы двойчы. Самым юным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы за ўсю гісторыю стаў аўстраліец Уільям Лоўрэнс Брэг, ён быў удастоены прэстыжнай узнагароды ў 25-гадовым узросце (1915 год). Самы пажылы лаўрэат - амерыканскі фізік Артур Эшкін, у мінулым годзе, на момант узнагароджвання, яму было 96 гадоў.

Нобелеўскі тыдзень пачаўся 7 кастрычніка з абвяшчэння лаўрэатаў у галіне фізіялогіі і медыцыны. 9 кастрычніка будзе названы ўладальнік прэміі ў галіне хіміі, 10 кастрычніка ўручаць прэмію па літаратуры, 11 кастрычніка назавуць уладальніка Нобелеўскай прэміі міру. Лаўрэата ў галіне эканомікі абвесцяць 14 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі