Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 жніўня 2018, 19:51

Зоркі сусветнай мастацкай гімнастыкі прымуць удзел у этапе Кубка свету ў Мінску

14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зоркі сусветнай мастацкай гімнастыкі прымуць удзел у этапе Кубка свету, які пройдзе ў Мінску з 17 па 19 жніўня. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Ірына Ляпарская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

  

Маючы адбыцца турнір стане важным этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які ў верасні пройдзе ў сталіцы Балгарыі Сафіі. "Многія вядучыя гімнасткі вырашылі прыехаць у Мінск яшчэ раз апрабаваць свае праграмы перад сусветным форумам, сярод якіх расіянкі Дзіна і Арына Аверыны, Ліной Ашрам з Ізраіля, якія ў верасні будуць прэтэндаваць на медалі галоўнага старту сезона. Наша каманда на дамашнім турніры ў індывідуальных выступленнях таксама будзе прадстаўлена вядучымі спартсменкамі. Асаблівыя надзеі звязваем з выступленнямі Кацярыны Галкінай і Настассі Салас", - адзначыла Ірына Ляпарская.

Галоўны трэнер расказала карэспандэнту БЕЛТА, як ідзе аднаўленне пасля траўмы Аліны Гарнасько, якая раней зарэкамендавала сябе на этапах Кубка свету. "Пасля аперацый у Германіі і Мінску Аліна ўжо нядрэнна сябе адчувае, трэніруецца з намі, прыняла ўдзел у некалькіх неафіцыйных стартах. Плануем, што да студзеня 2019 года яна поўнасцю адновіцца. Пасля Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра ў нас змянілася каманда ў групавых практыкаваннях. Практычна ўчарашнія юніёркі цяпер уваходзяць у асноўную каманду. Дзяўчаты заваявалі яшчэ не так шмат медалёў, як прывыклі балельшчыкі, але ў нас адна з самых маладых каманд, таму яны прадаўжаюць работу, трэніруюцца, а мне хочацца пажадаць ім здароўя і псіхалагічнай упэўненасці на самых вялікіх стартах", - адзначыла Ірына Ляпарская.

Перад этапам Кубка свету ў новым Палацы мастацкай гімнастыкі, які адкрыўся ў сакавіку, праводзіўся чэмпіянат Беларусі. 15 жніўня ў спарткомплексе пройдуць міжнародныя юніёрскія (U15) спаборніцтвы "Хрустальная ружа". Турнір стане этапам падрыхтоўкі да Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Буэнас-Айрэсе. "Палац мастацкай гімнастыкі павінны ўбачыць усе вядучыя прадстаўнікі сусветнай мастацкай гімнастыкі. Вельмі хацелася б, каб і гэты выдатны комплекс прымаў як мага больш міжнародных стартаў", - падкрэсліла галоўны трэнер.

Старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель падзякавала партнёрам федэрацыі, якія дапамагаюць кожны год арганізоўваць сапраўднае спартыўнае свята ў Мінску. Кіраўнік адзначыла таксама поспехі ў спартыўнай гімнастыцы: на чэмпіянаце Еўропы ў Глазга Святаслаў Драніцкі заваяваў залаты медаль у апорным скачку. "Работа па адраджэнні спартыўнай гімнастыкі ў Беларусі прадаўжаецца. У апошнія гады шукалі розныя варыянты: запрашалі замежных спартсменак, трэнераў, аднак ніколі не забывалі, што неабходна дома шукаць і гімнастаў, і спецыялістаў. Перад намі ў асацыяцыі яркі прыклад мастацкай гімнастыкі. Ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам спорту прынялі рашэнне зрабіць стаўку на моладзь і ў спартыўнай гімнастыцы, поўнасцю змяніўся трэнерскі склад у мужчынскай камандзе. У выніку першыя поспехі ўжо ёсць. Гэта яшчэ раз даказвае: можна пабудаваць спартыўныя палацы, купіць самае дарагое медыцынскае абсталяванне, аднак усё залежыць ад людзей і каманды, якая аб'яднана адзінай мэтай і гатова дабівацца вынікаў", - сказала Алена Скрыпель.

 

Этап Кубка свету БСБ-Банк па мастацкай гімнастыцы збярэ ў Мінску больш за 200 гімнастак з 38 краін. Перад беларускімі гледачамі выступяць шматразовыя чэмпіёнкі свету расіянкі Дзіна і Арына Аверыны, прызёры чэмпіянату свету Невіяна Уладзінава (Балгарыя), Ліной Ашрам (Ізраіль), Каха Мінагава (Японія), двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў групавым практыкаванні расіянка Настасся Блізнюк.

Беларусь прадставяць прызёр чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца этапаў Кубка свету Кацярына Галкіна, прызёр этапаў Кубка свету Настасся Салас, а таксама каманда ў групавых практыкаваннях: Ганна Гайдукевіч, Лаліта Мацкевіч, Дзіяна Місючэнка, Настасся Рыбакова, Ганна Швайба. Этап Кубка свету БСБ-Банк выклікаў цікавасць не толькі ў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, асвятляць спаборніцтвы будуць журналісты з Японіі, Расіі, Украіны, Швейцарыі і Германіі.

У мінулым годзе на дамашнім Кубку свету ў Мінску беларускія грацыі заваявалі 10 медалёў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі