Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
28 чэрвеня 2016, 10:11

Зборная Ісландыі сенсацыйна выйшла ў чвэрцьфінал Еўра-2016

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнімі чвэрцьфіналістамі Еўра-2016 у Францыі сталі футбалісты зборнай Ісландыі, якія сенсацыйна перамаглі ў 1/8 фіналу Англію - 2:1, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У заключным паядынку 1/8 фіналу роданачальнікі футбола ўжо на 4-й мінуце паразілі вароты ісландцаў, пасля таго, як капітан Уэйн Руні рэалізаваў пенальці. Аднак радасць англійскай дружыны і яе балельшчыкаў была нядоўгай. Усяго праз дзве мінуты дэбютанты топ-турніраў зраўнавалі лік пасля дакладнага ўдару Рагнара Сігурдсана, а на 18-й мінуце выйшлі наперад, дзякуючы голу Кольбейна Сігтарсана. Пасля гэтага ініцыятыву захапілі англічане, але ў першым тайме адыграцца не змаглі. Пасля перапынку брытанцы таксама мелі перавагу, але іх атакі не ўяўлялі асаблівай пагрозы для сапернікаў. У выніку зборная Ісландыі змагла ўтрымаць сваю перавагу і ўпершыню выйшла ў васьмёрку найлепшых каманд кантынента. Цяпер у чвэрцьфінале 3 ліпеня ісландцаў чакае сустрэча ў Сен-Дэні з гаспадарамі турніру футбалістамі зборнай Францыі.

Чвэрцьфінальная стадыя кантынентальнага першынства пачнецца 30 чэрвеня ў Марсэлі матчам зборных Польшчы і Партугаліі. 1 ліпеня дэбютант фінальнай стадыі Еўра каманда Уэльса сустрэнецца з Бельгіяй у горадзе Ліль. Самым непрадказальным і цікавым абяцае стаць матч двух грандаў - дзеючага чэмпіёна планеты зборнай Германіі і фіналіста Еўра-2012 каманды Італіі, якія будуць сапернічаць 2 ліпеня ў Бардо. На гэтым турніры італьянцы ў 1/4 фіналу перайгралі цяпер ужо экс-чэмпіёнаў Старога Свету іспанцаў - 2:0, узяўшы рэванш за паражэнне ў фінале мінулага еўрапершынства (0:4).

Паўфінальныя паядынкі адбудуцца 6 і 7 ліпеня ў Ліёне і Марсэлі, а вырашальны матч за залатую ўзнагароду пройдзе 10 ліпеня ў Сен-Дэні. Усе астатнія гульні чэмпіянату Еўропы будуць пачынацца ў 22.00 па беларускім часе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі