10 мая, Маракеш /Святлана Пекар - БЕЛТА/. Зборная Беларусі заваявала 24 медалі на Сусветнай летняй гімназіядзе ў Марока, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Усяго за час Сусветнай летняй гімназіяды зборная каманда Беларусі заваявала 24 медалі: пяць залатых, сем сярэбраных, дванаццаць бронзавых. Былі і перамогі, былі і паражэнні. Але нашы спартсмены лепшыя з лепшых. Летняя гімназіяда для іх - гэта прыступка ў спорт вышэйшых дасягненняў", - сказаў кіраўнік спартыўнай дэлегацыі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі.
Залатыя медалі беларускія спартсмены заваявалі ў мастацкай гімнастыцы ў групавым мнагабор'і, у лёгкай атлетыцы (кіданне молата - Кацярына Гражэўская), у плаванні (на дыстанцыі 50 м батэрфляем - Іван Шамшурын, на дыстанцыі 200 м комплексным плаваннем - Настасся Васкевіч), у жаночай барацьбе (Алеся Гетманава).
Акрамя таго, у ходзе гімназіяды былі ўстаноўлены тры рэкорды Беларусі: два ў плаванні, адзін у лёгкай атлетыцы. "Для зборнай такога складу гэта вельмі значнае дасягненне. Усё гэта сведчыць аб тым, што ўзровень правядзення Сусветнай гімназіяды з кожным годам расце. У ёй прымаюць удзел усё больш выдатных спартсменаў з розных краін. Нашы спартсмены, магчыма, сустрэнуцца з імі на чэмпіянатах свету і Еўропы. Удзел у гімназіядзе прынёс беларускім спартсменам неацэнны вопыт, гэта дапаможа ім на наступных спаборніцтвах паказаць лепшы вынік, і яны заваююць медалі вышэйшай вартасці", - адзначыў кіраўнік дэлегацыі.
У Марока 9 мая завершана правядзенне 17-й Сусветнай летняй гімназіяды. У апошні дзень юныя спартсмены з 59 краін наведвалі экскурсіі і рыхтаваліся да вылету дамоў. Вечарам 8 мая на адкрытым стадыёне горада Маракеша прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця спаборніцтваў. Больш як 3 тыс. спартсменаў прынялі ўдзел у маршы-парадзе. Завяршылася цырымонія начным салютам.-0-