5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па міні-футболе згуляла ўнічыю з камандай Літвы ў другім таварыскім матчы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля паражэння ў першым матчы з лікам 0:3 літоўцы былі настроены ўзяць рэванш і адкрылі лік у пачатку другога тайма. Беларусы не здаваліся. І за дзве хвіліны да заканчэння матча лепшы бамбардзір нацыянальнага першынства Андрэй Скварчэўскі зраўнаваў рэзультат - 1:1. У першай гульні галы ў складзе беларускай дружыны забілі Дзмітрый Рабцаў, Максім Еўдакімаў і Максім Батурын.
Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера беларускай каманды Андрэя Толмача ў матчах з літоўцамі выступалі ў асноўным ігракі, якім у жніўні давядзецца ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету сярод студэнтаў.
Пасля вяртання дадому ігракі зборнай краіны прадоўжаць выступленні ў складах сваіх клубаў у чэмпіянаце Беларусі. У ім згуляна 26 тураў, лідзіруе ВРЗ, у якога 65 ачкоў, на 3 балы адстае "Лідсельмаш", у "Сталіцы" 61 ачко. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае Андрэй Скварчэўскі ("Дарожнік", Мінск), які 29 разоў трапляў у вароты сапернікаў. Да фінішу рэгулярнага першынства камандам засталося правесці па 4 матчы, пасля чаго 8 лепшых клубаў прадоўжаць барацьбу за ўзнагароды ў плэй-оф. Матчы "на вылет" пачнуцца 3 мая.-0-