20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі на дамашнім чэмпіянаце свету па канькабежным спорце ў Мінску будзе прадстаўлена 18 спартсменамі. Аб гэтым паведаміў у прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лядовых відах спорту, намеснік старшыні Беларускага саюза канькабежцаў Аляксандр Наваковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На лядовую дарожку выйдуць 12 мужчын і 6 жанчын. Лідарам каманды гаспадароў стане студэнт БДУФК Ігнат Галавацюк, у якога вялікі вопыт выступленняў на міжнароднай арэне, а ў лютым ён прымаў удзел у XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. "У беларускай камандзе разлічваюць на ўдалае выступленне Ігната Галавацюка, які выступіць на дыстанцыях 500 м, 1000 м, камандным спрынце і мас-старце. Спадзяёмся на яго добрую форму", - сказаў Аляксандр Наваковіч.
На яго думку, сур'ёзную канкурэнцыю беларусам складуць атлеты з Расіі, Нідэрландаў, Польшчы, Японіі, дзе традыцыйна студэнцкі спорт развіты на даволі высокім узроўні. "Гэта выдатнае выпрабаванне для рэзерву многіх нацыянальных каманд. Вельмі моцны склад у Польшчы, Японіі, Нідэрландаў, якія развіваюць гэты від спорту, асобныя з атлетаў прэтэндавалі ўжо на ліцэнзіі на ўдзел у Пхёнчхане, а многія будуць вядучымі канькабежцамі ўжо ў Пекіне ў 2022 годзе", - адзначыў ён.
Афіцыйныя трэніроўкі на канькабежным стадыёне "Мінск-Арэны" адбудуцца 21 сакавіка. На наступны дзень пройдзе цырымонія адкрыцця чэмпіянату, а таксама будуць разыграны медалі на дыстанцыі 3000 м у жанчын і 5000 м у мужчын, у камандным спрынце. Чэмпіянат свету па канькабежным спорце завершыцца ў Мінску 25 сакавіка.-0-