Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 верасня 2019, 16:38

Вызначыліся першыя ўдзельнікі плэй-оф мужчынскага чэмпіянату Еўропы па валейболе

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд, матчы якога праходзяць на арэнах Францыі, Бельгіі, Славеніі і Нідэрландаў, вызначыліся першыя пары плэй-оф, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сталі вядомы пары 1/8 фіналу па выніках выступленняў каманд у групах А і С. У першай з іх, акрамя фаварытаў турніру, Францыі і Італіі, у гэтай частцы турніру выступяць Балгарыя і Грэцыя. У групе С, дзе выступалі і беларускія валейбалісты, у наступны этап кантынентальнага першынства выйшлі Расія, Славенія, Турцыя і Фінляндыя.

Акрамя таго, ужо забяспечылі сабе месца ў плэй-оф каманды Бельгіі, Сербіі, Польшчы, Нідэрландаў, Украіны, якія чакаюць сваіх сапернікаў.

Нагадаем, што пропуск у 1/8 фіналу атрымліваюць па чатыры лепшыя каманды ў кожнай з чатырох груп. Паядынкі гэтай стадыі турніру адбудуцца ў суботу, а пары будуць складзены ў адпаведнасці з наступнай схемай: 1A-4C, 2A-3C, 3A-2C, 4A-1C, 1B-4D, 2B-3D, 3B-2D і 4B-1D.

Такім чынам, цяпер ужо вядома, што ў Нанце згуляюць Францыя і Фінляндыя, Італія і Турцыя. У Любляне аматараў валейбола чакаюць сустрэчы Расія - Грэцыя і Славенія - Балгарыя.

Валейбалісты зборнай Беларусі на гэтым еўрапейскім чэмпіянаце пацярпелі чатыры паражэнні ў пяці матчах групавога этапу ў Любляне. Падапечныя Віктара Бекшы ўступілі камандам Славеніі (0:3), Расіі (1:3), Паўночнай Македоніі (1:3) і Турцыі (1:3). Адзіная перамога была здабыта беларусамі ў паядынку з Фінляндыяй (3:2). Такія вынікі не дазволілі ім падняцца вышэй за апошняе месца ў папярэдняй групе С.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі