Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 красавіка 2017, 16:48

Вікторыя Азаранка верыць у поспех зборнай Беларусі ў матчы са Швейцарыяй у паўфінале Кубка Федэрацыі

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вікторыя Азаранка лічыць, што тэнісісткі зборнай Беларусі могуць дабіцца поспеху ў паўфінальным матчы Кубка Федэрацыі з камандай Швейцарыі. Такое меркаванне вядучая беларуская тэнісістка выказала сёння на сустрэчы з журналістамі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку Вікторыі Азаранка, цяпер у беларускай камандзе выступаюць вельмі амбіцыйныя маладыя тэнісісткі, якія паказалі ўжо сваю сілу ў пераможным чвэрцьфінальным матчы з камандай Нідэрландаў. На мінулым тыдні цяперашні лідар беларускай дружыны Аляксандра Сасновіч дабралася да паўфіналу прадстаўнічага турніру ў швейцарскім Біле. У ходзе спаборніцтваў Аляксандра абыграла адну з будучых саперніц па маючым адбыцца матчы швейцарку Вікторыю Голубіч. Самая вопытная з цяперашняга складу Вольга Гаварцова таксама правяла паспяховы тыдзень, стаўшы пераможцай турніру ў амерыканскім Індыян-Харбар-Біч. Цудоўна праяўляюць сябе ў камандных матчах і самыя юныя беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вера Лапко.

Вікторыя Азаранка адзначыла, што беларускі могуць прабіцца ў фінал Кубка Федэрацыі, які пройдзе ў студзені, і тады яна, калі будзе ў добрай форме, абавязкова згуляе за зборную. А пакуль Вікторыя рыхтуецца падтрымаць сваіх сябровак у гульні са швейцаркамі, якая пройдзе 22-23 красавіка на корце мінскай "Чыжоўка-Арэны". У мінулым годзе Вікторыя Азаранка дапамагла зборнай Беларусі прабіцца ў элітны дывізіён, паспяхова згуляўшы ў гасцявым матчы плэй-оф Сусветнай групы з камандай Расіі.

Што датычыцца вяртання на корт пасля нараджэння сына, то Вікторыя Азаранка сказала, што ўжо даволі даўно праводзіць трэніроўкі і плануе выступіць на турніры катэгорыі "Прэм'ер" у амерыканскім Стэнфардзе, які пачнецца 30 ліпеня.

Вікторыя Азаранка - алімпійская чэмпіёнка Лондана-2012 у міксце ў пары з Максімам Мірным і бронзавым прызёрам лонданскіх Гульняў у адзіночным разрадзе. Яна доўгі час была першай ракеткай планеты, узначальваючы рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У актыве Вікторыі Азаранка 20 чэмпіёнскіх тытулаў на турнірах пад эгідай WTA, у тым ліку дзве перамогі на турніры серыі "Вялікага шлема" - Australian Open у 2012 і 2013 гадах. У снежні 2016 года Вікторыя нарадзіла сына.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі