Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 жніўня 2017, 11:11

Вікторыя Азаранка не згуляе на US Open з-за сямейных праблем

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка прапусціць адкрыты чэмпіянат ЗША з-за сямейных праблем. Аб гэтым спартсменка расказала на сваёй старонцы "УКантакце", паведамляе БЕЛТА.

Звяртаючыся да сваіх балельшчыкаў, Вікторыя растлумачыла прычыны, па якіх не зможа згуляць у гэтым годзе на US Open. Тэнісістка адзначае, што нараджэнне сына Леа ў снежні мінулага года стала самым шчаслівым днём у яе жыцці. Хутка пасля гэтай радаснай падзеі Вікторыя стала рыхтавацца да вяртання на корт. Спачатку яна планавала вярнуцца ў тур у канцы лета на турніры ў Стэнфардзе, але затым вырашыла згуляць раней у чэрвені на Мальёрцы. Пасля гэтага яна выступіла на Уімблдонскім турніры, дайшоўшы да 1/8 фіналу.

У сваім учарашнім пасланні фанатам Вікторыя паведамляе, што хутка пасля Уімблдона яна рассталася з бацькам свайго дзіцяці і цяпер яны займаюцца вырашэннем некаторых юрыдычных пытанняў, звязаных з апекай. Паводле слоў Азаранка, згуляць на US Open яна магла б у выпадку, калі пакіне сына ў Лос-Анджэлесе, але рабіць гэтага яна не хоча. Даводзіцца выбіраць паміж выхаваннем дзіцяці і кар'ерай, і цяпер выбар на карысць дзіцяці, якому суд забараняе пакідаць Лос-Анджэлес.

Вікторыя Азаранка вельмі ўдзячна сваім шматлікім балельшчыкам, якія падтрымліваюць яе ў гэтыя няпростыя дні. Захоўваючы аптымізм, спартсменка спадзяецца, што ў бліжэйшыя дні яна і бацька яе сына змогуць вырашыць усе рознагалоссі і прыняць правільнае рашэнне.

Як паведамлялася, бацька дзіцяці Білі МакКіг у мінулым месяцы звярнуўся ў суд Лос-Анджэлеса, які пастанавіў, што на час разгляду справы аб апякунстве Леа не можа пакідаць горад. Мяркуецца, што суд прадоўжыцца мінімум да кастрычніка. Азаранка прапанавала аплаціць Білі МакКігу праезд і пражыванне ў час US Open, але суддзя адказаў адмовай. Акрамя таго, суд у Лос-Анджэлесе не збіраецца перадаваць гэту справу на разгляд беларускага суда, на што разлічвала Вікторыя Азаранка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі