9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валейбалісты "Шахцёра" ўступілі італьянскай "Перуджы" з лікам 1:3 (25:23, 20:25, 17:25, 16:25) у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку матчу ў палацы спорту "Уручча" перавага была ў гаспадароў пляцоўкі. Нападаючыя "Шахцёра" Андрэй Радзюк і Уладзімір Жыгмант паспяхова атакавалі з краёў сеткі. Зорныя ігракі італьянцаў Аляксандр Атанасьевіч і Іван Зайцаў дапускалі шмат памылак на падачы. "Перуджа", якая з'яўляецца фіналістам мінулагодняга турніру Лігі чэмпіёнаў, перахапіла ініцыятыву да канца другой партыі. Госці паспяхова згулялі на блоку, а гарнякі не змаглі справіцца з прыёмам мяча.
Самым рэзультатыўным іграком сустрэчы стаў сербскі цэнтральны блакіруючы Марка Падрашчанін - 17 ачкоў. У беларусаў у нападзенні вызначыліся дыяганальны Уладзімір Жыгмант (13 ачкоў) і Андрэй Радзюк (12 ачкоў).
Матч наведалі 2 400 гледачоў, што з'яўляецца рэкордам у бягучым сезоне для беларускіх валейбольных клубаў.
"Мы не расчараваныя праведзенай гульнёй. "Шахцёр" меў перавагу ў ліку ў першым сэце. Думаю, калі б мы маглі ўтрымаць перавагу ў другім сэце, то зыход паядынку мог быць іншым. Аднак "Перуджа" - вопытная каманда, якая можа выйсці з любой складанай сітуацыі", - сказаў галоўны трэнер "Шахцёра" Віктар Бекша.
Паядынак у адказ 3-га раўнда Лігі чэмпіёнаў "Перуджа" - "Шахцёр" адбудзецца 12 лістапада ў Італіі.-0-