Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
09 верасня 2019, 19:47

Цырымонія адкрыцця лёгкаатлетычнага матчу Еўропа - ЗША ў Мінску

9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця лёгкаатлетычнага матчу Еўропа - ЗША, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле задумы рэжысёраў, цырымонія сімвалізуе сувязь часоў. Пачалася яна з гісторыі Старажытнай Грэцыі, калі зараджаліся Алімпійскія гульні: на стадыёне ў калясніцы з'явілася багіня Ніка, якая сімвалізуе імкненне атлетаў да перамогі.

Прадоўжылася ўспамінамі аб савецкім перыядзе, калі праводзіліся лёгкаатлетычныя матчы СССР - ЗША, і аб тых грандыёзных перамогах.

Па стадыёне таксама пранеслі сцягі ЗША і Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.

Прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свен Арнэ Хансэн ва ўрачыстай прамове адзначыў вопыт Беларусі ў правядзенні буйных спаборніцтваў: зусім нядаўна прайшлі II Еўрапейскія гульні, у праграме якіх былі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, яны сабралі вялікую колькасць станоўчых водгукаў у спартсменаў і гледачоў. Ён выказаў упэўненасць, што матчавая сустрэча Еўропа - ЗША пройдзе на самым высокім арганізацыйным узроўні.

Удзел у цырымоніі прынялі таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьян Коэ.

У праграму гістарычнага матчу ўключаны кіданне молата, кіданне кап'я, кіданне дыска, бег на 100 м, 100 м з бар'ерамі, 110 м з бар'ерамі, 200 м, 400 м, 400 м з бар'ерамі, 800 м, 1 500 м, 3 000 м, 3000 м з перашкодамі, эстафетны бег 4x100 м, змешаная эстафета (200-200-400-800 м), штурханне ядра, трайны скачок, скачкі ў вышыню, скачкі ў даўжыню, скачкі з шастом.

У кожным відзе праграмы выступяць па восем атлетаў (па чатыры прадстаўнікі ад Еўропы і ЗША). Пераможцы ў сваіх дысцыплінах атрымаюць па 7 тыс. еўра прызавых, удзельнікі, якія занялі другія месцы, - па 5 тыс., трэція месцы - па 4 тыс. еўра. Удзел у турніры прымуць каля 350 атлетаў, беларускую зборную ў складзе каманды Еўропы на турніры прадставяць 14 атлетаў.

Завершацца спаборніцтвы 10 верасня.

Права на вяшчанне набылі тэлеканалы "Беларусь 5", Czech TV (Чэхія), DR (Данія), YLE (Фінляндыя), France TV (Францыя), BBC (Вялікабрытанія), MTV (Венгрыя), LT (Літва), TVP (Польшча), RTS (Сербія), SR (Швецыя), NBC (ЗША).-0-

Фота Дзяніса Касцючэнкі, Аксаны Манчук, Андрэя Пакумейкі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі