Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 лютага 2019, 13:16

Тэхдэлегаты ESC праверылі гатоўнасць аб'ектаў да II Еўрапейскіх гульняў

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэхнічныя дэлегаты Еўрапейскай канфедэрацыі стралковага спорту (ESC) праверылі гатоўнасць аб'ектаў да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе фонду гульняў.

Прадстаўнікі ESC Петрас Курытсіс і Вільем Хаўер Грыль наведалі спартыўна-стралковы комплекс Sporting Club, дзе ўзнагароды мультыспартыўнага форуму разыграюць майстры стэндавай стральбы, і спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.К.Цімашэнкі, у якім пройдуць спаборніцтвы па кулявой стральбе. Апошняму аб'екту тэхдэлегат Вільем Хаўер Грыль удзяліў павышаную ўвагу.

"Агульнае ўражанне пазітыўнае. У час наступнага візіту можна будзе скласці больш поўнае ўяўленне аб месцах для гледачоў, неабходнай спартсменам інфраструктуры комплексу. Ёсць некаторыя пытанні, якія трэба будзе вырашыць, напрыклад па транспарціроўцы ўдзельнікаў, дадатковым аснашчэнні аб'екта. Аднак на 90 працэнтаў цір ужо гатовы, засталося толькі ўдасканаліць частку інфраструктуры. Упэўнены, гэта будуць выдатныя спаборніцтвы, якія пакінуць сваю спадчыну ў развіцці стральбы ў свеце і Беларусі", - адзначыў Вільем Хаўер Грыль.

Тэхнічныя дэлегаты таксама абмеркавалі з Беларускай федэрацыяй стралковага спорту правядзенне тэставых спаборніцтваў.

Спаборніцтвы па кулявой і стэндавай стральбе пройдуць на II Еўрапейскіх гульнях з 22 па 28 чэрвеня. У кулявой стральбе 208 спартсменаў разыграюць 13 камплектаў медалёў. Майстры стэндавай стральбы (122 атлеты) правядуць барацьбу за шэсць медальных камплектаў. Пераможцы ў алімпійскіх відах праграмы атрымаюць пуцёўку на летнія Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіа (Японія).

На I Еўрапейскіх гульнях у Баку прадстаўнікі Беларусі сталі ўладальнікамі чатырох узнагарод - адной залатой і трох бронзавых - у спаборніцтвах па кулявой стральбе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі