Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 лютага 2017, 15:25

Сучасныя футбольныя манежы з'явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах - Румас

23 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Сучасныя футбольныя манежы будуць пабудаваны ва ўсіх абласных цэнтрах. Аб гэтым сёння ў час адкрыцця футбольнага манежа ў Гродне паведаміў старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта першы аб'ект па зацверджанай федэрацыяй футбола праграме. Такія добрыя сучасныя манежы павінны з'явіцца ў кожным абласным цэнтры, а таксама яшчэ адзін у Мінску", - сказаў Сяргей Румас. Наступным горадам стане Брэст. У год федэрацыя плануе адкрываць па адным такім манежы.

"Наша краіна не можа пахваліцца круглы год добрым надвор'ем для таго, каб гуляць у футбол. Таму складана пераацаніць значнасць такіх збудаванняў. Гэты падарунак, які федэрацыя разам з горадам і вобласцю робяць для ўсіх жыхароў Гродна, - добрае пацвярджэнне, што мы вялікую ўвагу ўдзяляем развіццю менавіта футбольнай інфраструктуры", - адзначыў Сяргей Румас.

Футбольны манеж узведзены ў гродзенскім лесапарку Пышкі на месцы былога дзіцячага аздараўленчага лагера. Побач размешчаны і крыты лядовы каток. Пабудаваны аб'екты па адным прынцыпе: спартыўную пляцоўку накрывае купал. Сценамі і дахам тут выступае так званая паветраапорная канструкцыя. Унутры стандартнае штучнае поле з пакрыццём апошняга пакалення.

Прыбудаваны да манежа і комплекс будынкаў з неабходнымі памяшканнямі: раздзявалкамі, трэнерскімі, вучэбнымі класамі, кафэ, гардэробнымі і іншымі. Рэалізаваны праект сумеснымі намаганнямі. Асацыяцыя "Беларуская федэрацыя футбола" прадаставіла само збудаванне, а ўсе сеткі, аснова для канструкцыі - за кошт гарадскога бюджэту. Сумарны кошт аб'екта склаў каля 1,2 млн еўра.

"З увядзеннем гэтага манежа юныя футбалісты атрымаюць магчымасць займацца круглы год незалежна ад умоў надвор'я ўдасканальваць сваё майстэрства. І, упэўнены, тут ужо займаюцца тыя, хто будзе абараняць колеры і зборнай Беларусі па футболе", - дадаў ён.

Манеж будзе належаць футбольнай школе ФК "Нёман". Нягледзячы на тое што манеж толькі ўведзены ў эксплуатацыю, расклад заняткаў вельмі шчыльны. Задзейнічаны ён будзе з раніцы да самага вечара.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі