Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 лютага 2017, 13:25

Шведская "Фрэлунда" другі раз запар выйграла хакейную Лігу чэмпіёнаў

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты шведскай "Фрэлунды" другі раз запар сталі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы ў фінале чэшскую "Спарту", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Фінальны матч, што праходзіў у Гётэбаргу ў прысутнасці 6 тыс. гледачоў, атрымаўся роўным. Госці з Прагі не звярталі ўвагі на гарачых шведскіх фанатаў, і ўжо на 3-й мінуце гульні Лукаш Цынгел адкрыў лік. У сярэдзіне перыяду амерыканскі легіянер гаспадароў Кейсі Уэлмен усталяваў раўнавагу. У хуткім часе чэхі зноў выйшлі наперад пасля кідка Петра Враны, але Джоэл Лундквіст тут жа зрабіў лік роўным - 2:2. У другой 20-мінутцы Уэлмен аформіў галявы дубль, а ў заключным перыядзе Лукаш Клімек зраўнаваў рэзультат, перавёўшы гульню ў дадатковы час. Авертайм быў нядоўгім: не прайшло і паўтары мінуты, як дакладны кідок Нікласа Ласу прынёс перамогу "Фрэлундзе" - 4:3. Хакеісты мінскага "Юнацтва" сустракаліся са шведскай дружынай у 1/16 фіналу і здолелі перамагчы на сваёй арэне 3:2, а ў Гётэбаргу прайгралі з лікам 0:5.

Сярод бамбардзіраў цяперашняй Лігі чэмпіёнаў лепшымі сталі прадстаўнікі пераможцаў, якія набралі па 14 ачкоў па сістэме "гол+пас": Кейсі Уэлмен (8+6) і Джоэл Лундсквіст (4+10).

Хакеісты "Фрэлунды" трэці раз запар гулялі ў вырашальным паядынку Лігі чэмпіёнаў - у 2015 годзе яны ўступілі яшчэ аднаму шведскаму клубу "Лулеа" (2:4), а ў мінулым сезоне былі мацнейшыя за фінскі "Кярпят" (2:1).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі