Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
03 сакавіка 2018, 16:21

Шэсць камплектаў узнагарод разыграны ў першы дзень рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер"

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць камплектаў узнагарод разыграны ў першы дзень рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе арганізатарам удалося наблізіць турнір да сусветных стандартаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія выйшлі на заснежаную лыжную трасу ў спартыўным комплексе "Раўбічы", змаглі адчуць увесь напал барацьбы, уласцівы буйным міжнародным спаборніцтвам.

Завяршалі спаборніцкую праграму ў першы дзень "Снежнага снайпера" юныя біятланісты ў старэйшай узроставай групе. У спаборніцтвах хлопчыкаў не было роўных прадстаўнікам Магілёўскага раёна, якія занялі ўвесь п'едэстал гонару. Чэмпіёнам спаборніцтваў стаў Яўген Волкаў, сярэбраную ўзнагароду заваяваў Глеб Блізнякоў, бронзавая ўзнагарода на рахунку Антона Удавенкі.

У спаборніцтвах сярод дзяўчат лепшай стала Паліна Быкадорава (Мінск), другое месца заняла Вольга Парубава (Мінская вобласць), а бронзавую ўзнагароду выйграла Ніна Снытко з Магілёўскай вобласці.

Раней у спарткомплексе вызначыліся пераможцы ў хлопчыкаў і дзяўчынак у малодшай і сярэдняй узроставых групах. Усяго ў першы дзень было разыграна шэсць камплектаў узнагарод.

На працягу сённяшняга дня ў "Раўбічах" балельшчыкам не даводзілася сумаваць. Акрамя наглядальнікаў за барацьбой на лыжнай трасе і агнявым рубяжы, яны маглі стаць і ўдзельнікамі ў розных конкурсах. Арганізатары прадугледзелі і пункты абагрэву для аматараў біятлона, а найбольш актыўныя гледачы маглі скаціцца на цюбінгах з гары, падмацавацца ў шматлікіх пунктах харчавання.

Рэспубліканскія спаборніцтвы "Снежны снайпер" прадоўжацца 4 сакавіка змешанымі эстафетамі ў трох узроставых групах. У нядзелю адначасова з біятлонам адбудзецца чэмпіянат Беларусі па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы, на гэтых спаборніцтвах чакаецца прысутнасць алімпійскіх чэмпіёнаў Ганны Гуськовай, Алы Цупер і Антона Кушніра.

Свята зімовага спорту ў гэту нядзелю ў "Раўбічах" абяцае стаць яшчэ больш яркім.

Арганізатарамі спаборніцтваў "Снежны снайпер" выступаюць рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", Беларуская федэрацыя біятлона, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі пры ўдзеле ўстановы "Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў", Мінгарвыканкам і Мінаблвыканкам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі