Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 мая 2016, 19:02

Шамко: хакеісты павінны рэабілітавацца за няўдачу на ЧС у алімпійскай кваліфікацыі

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі па хакеі павінна рэабілітавацца за няўдачу на чэмпіянаце свету ў Расіі ў алімпійскай кваліфікацыі да зімовых Гульняў, якая пройдзе ў верасні ў Мінску. Такое меркаванне выказаў у час анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, паведамляе БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, якія вывады будуць зроблены па выніках выступлення зборнай Беларусі па хакеі ў Санкт-Пецярбургу, Аляксандр Шамко адзначыў, што вынікамі ніхто не застаўся задаволены. "Ацэнка ўжо была дадзена і кіраўніцтвам федэрацыі, і, напэўна, самае галоўнае, што балельшчыкі не задаволены гэтым рэзультатам, хоць гадоў 7-8 таму мы былі рады, калі проста заставаліся ў топ-дывізіёне. Гэты чэмпіянат для нас быў правальным. Тут не адна і не дзве прычыны. Падрабязны аналіз федэрацыяй сёння праводзіцца. Трэба сканцэнтравацца на іншым, у нас у верасні алімпійская кваліфікацыя. Вось яна павінна стаць рэабілітацыяй перад балельшчыкамі за мінулы чэмпіянат", - сказаў міністр.

Падрыхтоўку да алімпійскай кваліфікацыі хакеісты пачнуць у другой дэкадзе жніўня. Турнір пройдзе ў "Мінск-Арэне" з 1 па 4 верасня. Каманда Дэйва Льюіса аспрэчыць пуцёўку на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхенчхан са зборнымі Даніі (1 верасня), Польшчы (2 верасня) і Славеніі (4 верасня).

У час анлайн-канферэнцыі таксама закраналіся пытанні падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў да XXXI летніх Алімпійскіх гульняў, работы трэнерскіх кадраў. Поўнасцю з тэкстам анлайн-канферэнцыі можна азнаёміцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі