9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (33-і нумар сусветнага рэйтынгу) атрымала другую перамогу на турніры ў аўстралійскім Сіднеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У сённяшнім паядынку за выхад у чвэрцьфінал з аўстралійскай тэнісісткай Прысцылай Хон (161) беларуска прайграла першую партыю з сухім лікам 0:6. У другім сэце Аляксандра Сасновіч уступіла два першыя геймы, але змагла сабрацца і выйграла 6:3. У вырашальнай партыі беларуска не ўпусціла ініцыятыву і давяла яе да перамогі - 6:3.
На старце спаборніцтваў Аляксандра Сасновіч атрымала перамогу над дзясятай ракеткай планеты расіянкай Дар'яй Касаткінай - 6:1, 6:4.
У барацьбе за выхад у паўфінал Аляксандра Сасновіч сустрэнецца са швейцарскай тэнісісткай Цімеяй Бачынскі (192).-0-