Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 лютага 2017, 17:12

Румас: перагаворы з кандыдатамі на ролю галоўнага трэнера зборнай па футболе прадаўжаюцца

23 лютага, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Перагаворы з кандыдатамі на ролю галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па футболе прадаўжаюцца, і гаварыць пра канкрэтныя імёны пакуль рана. Аб гэтым сёння ў час адкрыцця футбольнага манежа ў Гродне заявіў старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Імя новага галоўнага трэнера аматары футбола ў хуткім часе даведаюцца. Раскрыць дэталі перагавораў пакуль не магу. Практычна кожны дзень мы знаходзімся ў кантактах з кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера зборнай. Засталося чакаць зусім нямнога", - адзначыў Сяргей Румас. Ён падкрэсліў, што выбар галоўнага трэнера - добрая інфармацыйная нагода, аднак не заўсёды інфармацыя падаецца аб'ектыўна.

"Мы ведаем сітуацыю па кожным чалавеку, які адмовіўся ўзначаліць каманду, а таксама па тых, з кім яшчэ прадаўжаюцца перагаворы", - сказаў Сяргей Румас. "Мы пакуль не хочам раскрываць усе карты, каб не нашкодзіць працэсу перагавораў", - дадаў старшыня АБФФ.

Як паведамлялася, былы настаўнік беларусаў Аляксандр Хацкевіч пакінуў сваю пасаду ў пачатку снежня 2016 года. Кантракт быў скасаваны ў сувязі з нездавальняючымі рэзультатамі каманды.

Кандыдатамі на ролю галоўнага трэнера разглядаліся вядомыя беларускія спецыялісты Анатоль Байдачны і Алег Конанаў, украінец Віктар Скрыпнік, паводле існуючай інфармацыі, таксама ў сферы інтарэсаў былі расіяне Валерый Карпін і Мікалай Пісараў, іншыя спецыялісты. Усе яны па розных прычынах адмовіліся ўзначаліць нацыянальную каманду.

У адборачным цыкле чэмпіянату свету 2018 года зборная Беларусі выступае ў групе А разам з камандамі Францыі, Нідэрландаў, Швецыі, Балгарыі і Люксембурга, займаючы пасля чатырох матчаў з двума ачкамі пятае месца. Бліжэйшую сустрэчу кваліфікацыі беларусы правядуць 25 сакавіка на выездзе супраць зборнай Швецыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі