Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 сакавіка 2018, 13:57

РЭПАРТАЖ: Мары здзяйсняюцца - беларускія гімнасткі атрымалі новы дом

Праспект Пераможцаў у Мінску па праву лічыцца адным з самых спартыўных месцаў горада: тут размешчаны Палац спорту і "Мінск-Арэна", пракладзена веладарожка, абсталяваны пляцоўкі для зянаткаў фізічнай культурай. Гэтай вясной на праспекце з'явіўся яшчэ адзін знакавы спартыўны аб'ект - Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (Палац гімнастыкі).

Уздоўж усяго праспекта сустракаюцца білборды з выявамі беларускіх грацый і надпісам "Мары здзяйсняюцца!". Для гімнастак гэта не высокія словы, а канстатацыя факта. Беларускай мастацкай гімнастыцы ўдалося набыць свой утульны дом. Ля ўвахода ў цэнтр скульптурная кампазіцыяі з гімнастычных стужак з падобным надпісам "Мары здзяйсняюцца! Тут будуць нараджацца чэмпіёны і загартоўвацца характары". Побач на гранітным шары адбітак далоні праслаўленай беларускай гімнасткі, алімпійскай чэмпіёнкі па мастацкай гімнастыцы Марыны Лобач.

Будынак ужо здалёк прыцягвае да сябе ўвагу незвычайнай архітэктурай. Сцены ствараюць эфект лунаючых стужак мастачак. Спарткомплекс, несумненна, упрыгожыць архітэктурны ансамбль у пачатку праспекта, які актыўна забудоўваецца. Узвядзенне цэнтра доўгі час адкладвалася. Галоўны трэнер каманды Ірына Ляпарская, паводле яе слоў, стаптала не адна пару абутку, абабіла парогі ўсіх высокіх кабінетаў, пакуль ход будаўніцтва пад асабісты кантроль не ўзяў Прэзідэнт Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка.

Актыўная фаза будаўніцтва пачалася ў кастрычніку 2016 года. Комплекс для мастацкай гімнастыкі ўключае ў сябе дзве вялікія трэніровачныя залы, дзве залы для груп пачатковай падрыхтоўкі, чатыры залы харэаграфіі, залу аэробікі, а таксама басейн, дзве саўны, трэнажорную залу, салярый, кафэ, гасцінічны блок на 18 месцаў, кардыязону, кабінет фізіятэрапіі, масажны кабінет, працэдурныя памяшканні і пакоі адпачынку для спартсменак і трэнераў, адміністрацыйны блок.

Кіраўнік дзяржавы асабіста прыняў удзел у будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Разам з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і вядомымі спартсменкамі Аляксандр Лукашэнка працаваў тут на суботніку 22 красавіка 2017 года.

Будаўніцтва ўдалося завяршыць у сціслыя тэрміны. У апошнія дні перад адкрыццём цэнтра дырэктар рэспубліканскага цэнтра па мастацкай гімнастыцы Міхаіл Яўсюк, што называецца, начаваў у новым будынку. Неабходна было прывесці ў парадак усе памяшканні, а гэта не толькі прасторныя з высокімі столямі трэніровачныя залы, але і мноства іншых пакояў, што будуць выкарыстоўвацца ў падрыхтоўцы беларускіх грацый.

Дырэктар цэнтра з гонарам паказвае журналістам памяшканні. "З будаўнікамі сур'ёзных праблем не было. Калі ў прадстаўнікоў будтрэста нумар 1, якія будавалі аб'ект, узнікалі нейкія пытанні, то мы растлумачвалі і нашы пажаданні выконваліся. Нават не чакаў, што ў такія кароткія тэрміны можна пабудаваць такі палац", - адзначыў Міхаіл Яўсюк.

У комплексе некалькі залаў для трэніровак і правядзення рэспубліканскіх спаборніцтваў. У адной з іх ужо кіпіць работа на гімнастычных дыванах: шматразовы прызёр міжнародных турніраў Кацярына Галкіна паказвае сваю праграму, недалёка рыхтуецца да заняткаў каманда ў групавых практыкаваннях, побач зусім маленькія дзяўчынкі ў маляўнічых касцюмах рэпеціруюць сваю праграму.

Усім неабходным абсталявана зала для фізіяпрацэдур, ёсць класы для тэарэтычных заняткаў. "Рэспубліканскі цэнтр поўнасцю пераедзе сюды з дынамаўскага комплексу на вуліцы Даўмана: нацыянальная зборная, групы падрыхтоўкі. Гэта сапраўдны падарунак для нашых гімнастак", - падкрэсліў Міхаіл Яўсюк.

У захапленні ад новага цэнтра мастацкай гімнастыкі і нашы знакамітыя грацыі. "Я ж тут некалькі дзён усё прыводжу ў парадак. Паспела ўжо вывучыць усе куткі. Комплекс - клас!" - выказала свае ўражанні прызёр Алімпійскіх гульняў Іна Жукава.

Разам з карэспандэнтамі БЕЛТА цэнтр агледзела сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Лондане і бронзавы прызёр Гульняў у Пекіне Ксенія Санковіч. "Прызнаюся, такога шыкоўнага падарунка спартсменкам не чакала. У час будаўніцтва цэнтра неаднаразова ўяўляла, якім будзе палац, але не думала, што ён атрымаецца настолькі прыгожым і функцыянальным. Маштаб і прастора пасля нашых абмежаваных умоў у старым комплексе ўражваюць. Рада за дзяўчат, якія цяпер трэніруюцца: не трэба ехаць на аднаўленчыя працэдуры ў адно месца ў горадзе, трэніравацца ў іншым. У цэнтры ўсё пад адным дахам. Не будзе стоўпатварэння на дыванах, калі галасы трэнераў, музыка розных груп падрыхтоўкі пераплятаюцца ў адзін гул. Цяпер застаецца толькі абжываць гэты новы ўтульны дом", - адзначае Ксенія Санковіч.

Аляксандр НОВІКАЎ,

Фота Аксана МАНЧУК,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі