Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
17 верасня 2018, 14:02

Пракапенка: сусветны форум у Мехіка - гістарычны для беларускага пяцібор'я

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат свету ў Мехіка стаў гістарычным для беларускага сучаснага пяцібор'я. Аб гэтым заявіла карэспандэнту БЕЛТА ўладальніца дзвюх залатых узнагарод турніру Настасся Пракапенка.

Нацыянальная каманда Беларусі вярнулася з Мексікі ў выдатным настроі. Жаночая эстафета ў складзе Настассі Пракапенка і Ірыны Прасянцовай заняла першае месца, лідар зборнай Настасся Пракапенка пазней паўтарыла поспех у індывідуальным заліку.

"Чэмпіянат быў складаным для многіх атлетаў. Мехіка знаходзіцца на вышыні 2 240 м, і для многіх атлетаў такія ўмовы - складаныя выпрабаванні. Беларуская каманда перад сусветным форумам прайшла збор у гарах у Італіі, таму былі падрыхтаваны добра. Аднак і ў такой сітуацыі Таццяна Халдоба, якая выступала разам са мной у індывідуальным заліку, мела праблемы з дыханнем. Мне ж удалося пазбегнуць усіх праблем і паказаць высокі рэзультат. Два залатыя медалі ў такой жорсткай канкурэнцыі, лічу, гэта гістарычнае дасягненне для беларускага пяцібор'я", - сказала Настасся Пракапенка.

У час чэмпіянату свету ў Мехіка беларускай пяціборцы ўручылі і бронзавую ўзнагароду Алімпійскіх гульняў у Пекіне. У сталіцы Кітая беларуска ўступіла трэцяе месца ўкраінцы Вікторыі Церашчук. Аднак допінг-проба ўкраінскай спартсменкі пасля пераправеркі дала станоўчы вынік на анабалічны стэроід турынабол. Па рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта ўзнагароду перадалі Настассі Пракапенка. "Кожная ўзнагарода дарагая для мяне, з Алімпіяды-2008 асабліва. Дзесяць гадоў таму паехала ў Пекін з запаленнем лёгкіх, але змагла заняць высокае чацвёртае месца, а праз гады, бачыце, як усё павярнулася", - адзначыла спартсменка.

Настасся Пракапенка, якая з'яўляецца маці двух дзяцей, падкрэсліла, што без падтрымкі сям'і ёй не ўдалося б дасягнуць такіх рэзультатаў у спорце.

Апошнія два сезоны для вопытнай беларускай пяціборкі сталі самымі паспяховымі ў кар'еры: на дамашнім чэмпіянаце Еўропы-2017 і праведзеным у Мексіцы чэмпіянаце свету Настасся Пракапенка заваявала залатыя медалі.-0-

Фота Дзяніса Касцючэнкі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі