Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 ліпеня 2018, 18:34

Новае пакаленне лётчыкаў будзе дастойна прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах - Кабякоў

24 ліпеня, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Новае пакаленне лётчыкаў будзе дастойна прадстаўляць Беларусь на міжнародных спаборніцтвах. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на ўрачыстым адкрыцці 16-га чэмпіянату свету па верталётным спорце на аэрадроме Ліпкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Упэўнены, што новае пакаленне беларускіх лётчыкаў прадоўжыць эстафету ў пакарэнні пятага акіяна і будзе дастойна прадстаўляць сваю радзіму на міжнародных спаборніцтвах", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў Беларусь прыбыло нямала знакамітых лётчыкаў, чый прафесіяналізм быў неаднаразова адзначаны высокімі ўзнагародамі і выклікаў шчырае захапленне ў самай патрабавальнай публікі. "Лепшыя лётчыкі свету будуць дэманстраваць унікальнае майстэрства ў пілатаванні складанай авіяцыйнай тэхнікі", - дадаў ён.

Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што кожны ўдзельнік спаборніцтваў будзе імкнуцца паказаць усё, на што здольны: віртуознае выкананне складаных фігур і заданняў, цярпенне, псіхалагічную ўстойлівасць, волю да перамогі.

Беларусь заўсёды славілася добрымі лётнымі традыцыямі. У гады Вялікай Айчыннай вайны выхаванцы беларускіх аэраклубаў унеслі важкі ўклад у барацьбу з ворагам. Толькі з ліку выпускнікоў Мінскага аэраклуба 15 лётчыкаў былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза, іх імёны ўвекавечаны на мемарыяле, нядаўна адкрытым на яго тэрыторыі.

У скарбонку высокіх дасягненняў лётнага майстэрства свой важкі ўклад унеслі беларускія лётчыкі-касманаўты Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, якія двойчы ўдастоены звання Герой Савецкага саюза, Герой Расіі Алег Навіцкі, выдатны лётчык-выпрабавальнік Герой Расіі Яўген Фралоў.

Арганізатарамі чэмпіянату выступаюць ДТСААФ і Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту. У час урачыстага адкрыцця выступіла пілатажная група нацыянальнай зборнай Беларусі на Як-55 Магілёўскага аэраклуба.

Таксама на аэрадроме можна ўбачыць узоры лятальных апаратаў, уключаючы ўнікальны По-2 - гэта адзіная ў краіне копія легендарнага самалёта, якая будзе лятаць. З выстаўкай азнаёміўся і прэм'ер-міністр.

У спаборніцтвах прымаюць удзел 37 экіпажаў з розных краін. Самай шматлікай з'яўляецца расійская зборная, якая прадстаўлена 13 экіпажамі. Пазмагацца за ўзнагароды таксама прыляцелі верталётчыкі з Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Кітая і Украіны. У склад нацыянальнай каманды Беларусі ўвайшлі самыя знакамітыя спартсмены абароннага таварыства: майстры спорту міжнароднага класа Андрэй Роганаў, Уладзімір Бугаёў, Мікіта Лапцеў, Уладзімір Стрыянок, Антон Данчанка, Аляксандр Грышчанка, Аляксей Мачанскі. Жаночая каманда прадстаўлена двума экіпажамі. Камандзір першага экіпажа Соф'я Куршубадзэ, лётчык-аператар Настасся Караткевіч. Камандзір другога экіпажа Ганна Рагажынская, лётчык-аператар Марына Канюшэўская. У камандзе сабраны экіпажы Віцебскага і Мінскага аэраклубаў ДТСААФ, а таксама федэрацыі авіяцыйнага спорту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі