Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
26 мая 2017, 09:42

Неабходна абавязаць прафесійныя клубы ўключаць у склад маладых хакеістаў - Захараў

26 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна абавязаць прафесійныя клубы ўключаць у склад маладых хакеістаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў галоўны трэнер ХК "Юнацтва-Мінск" Міхаіл Захараў.

25 мая на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі закраналіся многія пытанні па развіцці гэтага віду спорту, у тым ліку няўдалае выступленне нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету. Спецыялісты сышліся на думцы, што адной з прычын нізкіх рэзультатаў з'яўляецца слабая канкурэнцыя за тое, каб трапіць у галоўную каманду.

"Усё пачынаецца з дзіцячага хакея. Трэніровачны працэс вельмі слабы. Яшчэ ў 2010 годзе адмянілі правіла, згодна з якім два маладыя ігракі (да 20 гадоў) павінны быць уключаны ў склад на матч прафесійнага клуба ў чэмпіянаце Беларусі. Навошта гэта зрабілі, для мяне да гэтага часу застаецца загадкай. Такім чынам, каманды пазбавілі магчымасці маладых перспектыўных ігракоў гуляць побач з лепшымі хакеістамі ў клубе. Адпаведна галоўныя трэнеры Захараў, Гусаў, Пушкоў, клубы якіх пастаянна вядуць барацьбу за медалі, не зацікаўлены ў выхаванні моладзі. Навошта падцягваць маладых? Мне патрэбны рэзультат, а я прайграю "Шахцёру" або "Нёману", калі буду ставіць у склад моладзь, якой у выніку няма дзе набірацца вопыту, неабходнага для выступлення на міжнароднай арэне. За гэтыя сем гадоў мы многае страцілі ў падрыхтоўцы моладзі, таму і канкурэнцыі ў нацыянальнай зборнай няма. Прафесійныя клубы неабходна абавязаць уключаць маладых ігракоў у склад на гульню", - лічыць Міхаіл Захараў.

Трэнер таксама прывёў прыклад, што раней беларускія перспектыўныя ігракі часта траплялі на драфт НХЛ. Цяпер ім гэта зрабіць вельмі складана, а хакеістам, якім выдаюць шмат авансаў, неабходна апраўдаць гэтыя чаканні. "Цяпер балельшчыкі і спецыялісты шмат гавораць пра Вараб'я, Ягора Шаранговіча. Нядрэнныя хлопцы, але ім яшчэ трэба вельмі шмат працаваць, каб трапіць на гэты драфт. Раней у нас пры меншай колькасці дзіцячых хакейных школ значна больш ігракоў траплялі на драфт", - адзначыў субяседнік.

Адным з важных пытанняў, што абмяркоўваліся на нарадзе ў Прэзідэнта, - хто павінен кіраваць нацыянальнай зборнай: замежныя або айчынныя спецыялісты. Міхаіл Захараў адзначыў уклад паўночнаамерыканскіх трэнераў у развіццё беларускага хакея, але і прывёў прыклад Расіі, дзе ад іншаземцаў практычна адмовіліся. "Заўсёды быў прыхільнікам беларускай трэнерскай школы, асабліва калі гэта тэндэнцыя толькі ўваходзіла ў моду, - сказаў галоўны трэнер "Юнацтва". - Айчынныя спецыялісты спрацавалі б не горш. Якая розніца - набралі б на чэмпіянаце свету сем або дзевяць ачкоў, занялі 12-е або 13-е месца? На гэты момант федэрацыя плануе прадоўжыць супрацоўніцтва з іншаземцамі ў зборнай, але, упэўнены, вопыт беларусаў у хуткім будучым будзе запатрабаваны".

Важнай тэмай застаецца павышэнне ўзроўню чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе. На думку вядомага спецыяліста, адна з галоўных прычын - адсутнасць цікавасці да каманд з боку рэгіянальнага кіраўніцтва. "У Беларусі пабудаваны дарагія аб'екты - лядовыя арэны, а хакейныя каманды ў рэгіёнах вядуць бездапаможнае існаванне. Кіраўніцтва клубаў не ведае, хто ў іх губернатары, якія ў сваю чаргу не цікавяцца станам спраў у хакеі. Калі Сямён Шапіра балее за гэты від спорту, то і ў Гродне хакей выйшаў на новы ўзровень, і ў Мінскай вобласці з'явіўся чэмпіён "Шахцёр". Пры адпаведным стаўленні да хакейных каманд на месцах павысіцца і ўзровень экстралігі", - заўважыў Міхаіл Захараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі