Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
08 снежня 2016, 17:38

Названы склады зборнай Беларусі на спрынтарскія гонкі другога этапу Кубка свету па біятлоне

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэнерскі штаб зборнай Беларусі па біятлоне вызначыў спартсменаў, якія 9 снежня выступяць у спрынтарскіх гонках на другім этапе Кубка свету ў славенскай Паклюцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У мужчынскай гонцы на 10 км з двума агнявымі рубяжамі, якая пачнецца ў 13.30 па мінскім часе, прымуць удзел 4 беларускія біятланісты: Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей, Раман Ялётнаў, Уладзімір Чапелін.

Следам за мужчынамі ў 16.15 на старт выйдуць жанчыны, якім трэба будзе пераадолець 7,5 км з двума заходамі на стрэльбішча. На лыжню выйдуць 5 прадстаўніц Беларусі: Ірына Крыўко, Надзея Скардзіна, Дар'я Юркевіч, Надзея Пісарава, Настасся Кінунен.

На першым у гэтым сезоне кубкавым этапе ў шведскім Эстэрсундзе беларусы заваявалі дзве бронзавыя ўзнагароды ў індывідуальных гонках - на п'едэстал гонару ўзняліся Уладзімір Чапелін і Дар'я Юркевіч.

Пасля шведскага этапу Уладзімір Чапелін у агульным заліку Кубка свету займае 26-е месца, набраўшы 48 ачкоў, Максім Варабей мае 1 заліковы бал і знаходзіцца на 62-й пазіцыі. Лідзіруе ў мужчынскім спісе лідар апошніх пяці сезонаў француз Мартэн Фуркад, у якога 168 ачкоў, на другой пазіцыі расіянін Максім Цвяткоў (104), трэцім ідзе нямецкі біятланіст Арнд Пайфер (100).

Сярод жанчын лепшая з беларускіх біятланістак Надзея Скардзіна мае ў сваім актыве 65 ачкоў і знаходзіцца на 15-й пазіцыі. Ірына Крыўко, набраўшы 56 балаў, замыкае першую дваццатку, на 24-й пазіцыі Дар'я Юркевіч (48). Наперадзе немка Лаўра Дальмаер (157), другое месца ў чэшкі Габрыэлы Соўкалавай (132), на трэцяй пазіцыі францужанка Мары Дарэн-Абер (118).

Поўны расклад стартаў у Паклюцы:

9 снежня

мужчынскі спрынт (пачатак у 13.30);

жаночы спрынт (16.15);

10 снежня

мужчынская гонка праследавання (13.45);

жаночая гонка праследавання (16.45);

11 снежня

мужчынская эстафета (13.15);

жаночая эстафета (16.30).

Да канца 2016 года лепшыя біятланісты выступяць яшчэ на адным этапе Кубка свету, які з 15 па 18 снежня прыме чэшскі Нове-Места. Чацвёрты кубкавы этап пройдзе з 5 па 8 студзеня 2017 года ў нямецкім Оберхофе, і ў ім плануе прыняць удзел лепшая беларуская біятланістка - трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі