Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
11 верасня 2018, 12:21

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе згуляе ў Кішынёве з Малдовай у Лізе нацый

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе згуляе сёння ў Кішынёве з Малдовай у другім туры Лігі нацый, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля стартавых матчаў у дывізіёне D у групе 2 каманды падыходзяць з розным настроем да вочнага процістаяння. Падапечныя Ігара Крывушэнкі разграмілі 8 верасня на стадыёне "Дынама" ў Мінску Сан-Марына - 5:0, у той час як Малдова ў гасцях пацярпела нечакана значнае паражэнне ад Люксембурга - 4:0. Пасля гэтай няўдачы гаспадары поля ў Кішынёве на стадыёне "Зімбру" пастараюцца рэабілітавацца перад сваімі балельшчыкамі, аб чым заявілі ў СМІ перад сустрэчай з беларусамі.

Каманда пад кіраўніцтвам Ігара Крывушэнкі прыбыла ў сталіцу Малдовы 9 верасня. Як адзначылі ў прэс-службе БФФ, зборная правяла пару тэарэтычных заняткаў і трэніроўку на "Зімбру". Раней каманды Малдовы і Беларусі сустракаліся шэсць разоў: дзве перамогі ў нашых футбалістаў, дзве - у сапернікаў, а яшчэ дзве гульні завяршыліся ўнічыю.

Матч Малдова - Беларусь пачнецца сёння на стадыёне "Зімбру" ў 21.45. Прамую трансляцыю правядзе тэлеканал "Беларусь 5".

У другім туры ў групе 2 сёння таксама згуляюць Сан-Марына і Люксембург (21.45). У дывізіён D уваходзяць яшчэ 12 каманд з найбольш нізкім рэйтынгам УЕФА, якія, акрамя групы 2, разбіты яшчэ на тры квартэты. Пераможцы груп згуляюць у плэй-оф, а лепшая зборная атрымае права выступіць на чэмпіянаце Еўропы 2020 года.

Ліга нацый - новы турнір, які арганізаваны УЕФА і прызначаны замяніць большасць таварыскіх матчаў нацыянальных каманд афіцыйнымі, што дасць магчымасць гуляць з роўнымі па класу сапернікамі і забяспечыць стабільнае развіццё футбола на ўзроўні зборных.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі