Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 жніўня 2016, 09:05

На стадыёне "Маракана" патух агонь летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа

22 жніўня, Рыа-дэ-Жанэйра /Кар. БЕЛТА/. На знакамітым стадыёне "Маракана" прайшла цырымонія закрыцця XXXI летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На цырымоніі па стадыёне пад праліўным дажджом прайшлі тры тысячы валанцёраў, адбыўся і традыцыйны парад атлетаў. Сцяг беларускай алімпійскай зборнай пранёс сярэбраны прызёр Алімпіяды-2016 Іван Ціхан.

Кіраўнік аргкамітэта Гульняў 2016 года Карлас Нузман адзначыў, што Бразілія можа ганарыцца правядзеннем такога маштабнага спартыўнага мерапрыемства. "Рыа паказаў сваю кампетэнцыю ў арганізацыі самай важнай падзеі ў свеце спорту. Цяпер гэты горад стаў яшчэ лепшым. Гэта быў вялікі выклік для нас. Цяпер мы можам аб'явіць, што сапраўды справіліся з арганізацыяй Алімпіяды", - сказаў Карлас Нузман.

Беларуская каманда заняла 40-е месца ў агульнакамандным медальным заліку Рыа-2016. У скарбонцы зборнай 9 медалёў: алімпійскім чэмпіёнам стаў Уладзіслаў Ганчароў, які выйграў золата ў спаборніцтвах скакуноў на батуце. Сярэбраныя медалі заваявалі барцы Дар'я Навумава, Вадзім Стральцоў (цяжкая атлетыка), Марыя Мамашук (жаночая барацьба), Іван Ціхан (лёгкая атлетыка), уладальнікамі бронзавых медалёў сталі барцы Джавід Гамзатаў, Ібрагім Саідаў, плыўчыха Аляксандра Герасіменя і экіпаж байдаркі-чацвёркі Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка, Марына Літвінчук.

Пасля маляўнічага шоу кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах у сваім выступленні даў высокую ацэнку правядзенню Гульняў у Бразіліі. "Спартсмены, вы ўразілі свет вашымі выступленнямі і паказалі, як можна аб'яднаць свет, жывучы пад адным дахам у адной вёсцы, вы адправілі моцнае пасланне ўсяму свету. Мы прыехалі ў Бразілію як госці, а развітваемся сябрамі. Гэта былі выдатныя Гульні ў цудоўным горадзе", - адзначыў Томас Бах.

Накладак і непаразуменняў у час Алімпіяды было дастаткова. Аднак бразільцы стараліся ўсё аператыўна выпраўляць.

У заключны дзень спаборніцтваў у медыявёсцы з-за начнога праліўнога дажджу выйшла са строю ўся энергасістэма. Арганізатары праблему ўстаранілі з дапамогай магутных мабільных генератараў японскай вытворчасці.

Наступныя XXXII летнія Алімпійскія гульні ў 2020 годзе прыме сталіца Японіі Токіа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі