8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная ЗША прыехала ў Мінск на фінал Кубка Федэрацыі супраць беларускіх тэнісістак у аптымальным складзе. Аб гэтым заявіла сёння капітан амерыканскай каманды Кэці Рыналдзі на перадматчавай прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На корце "Чыжоўка-Арэны" беларускія гледачы, у прыватнасці, убачаць дзясятую ракетку свету Како Вандэвеге і пераможцу US Open 2017 Слоан Стывенс, у якой цяпер 13-я пазіцыя ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, адзначае капітан амерыканскай каманды. Кэці Рыналдзі падкрэсліла, што лідары каманды, а таксама іх сяброўкі Шэлбі Роджэрс (59-ы нумар рэйтынгу WTA) і Элісан Рыске (70) - вельмі моцныя тэнісісткі, і ўсе яны маюць намер паказаць у Мінску якасны тэніс і дабіцца поспеху.
Каманда ЗША з'яўляецца 17-разовым уладальнікам Кубка Федэрацыі. Апошні раз яна выйгравала яго ў 2000 годзе, а ў 2009 годзе і 2010 гадах уступала ў фінальных матчах камандзе Італіі. Беларускія тэнісісткі ўпершыню прабіліся ў фінал гэтага прэстыжнага турніру.
Вырашальная сустрэча за Кубак Федэрацыі, які лічыцца неафіцыйным камандным чэмпіянатам свету сярод жаночых зборных, пройдзе на корце "Чыжоўка-Арэны". У суботу, 11 лістапада, адбудуцца два адзіночныя паядынкі, а 12 лістапада пройдуць яшчэ дзве адзіночныя гульні і парны матч.-0-