Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
24 ліпеня 2017, 14:31

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе не змагла прабіцца ў фінальную стадыю ЧС

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія валейбалісты не змаглі прабіцца ў фінальную частку чэмпіянату свету - 2018, заняўшы апошняе месца ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У заключным матчы апошняга адборачнага этапу ў бельгійскім Кортрэйку каманда Аляксандра Сінгаеўскага прайграла зборнай Германіі з "сухім" лікам 0:3 (27:29, 20:25, 22:25). Гэта пятае паражэнне беларусаў у пяці праведзеных сустрэчах. Да гэтага яны ўступілі валейбалістам Эстоніі (1:3), Бельгіі (0:3), Славакіі (0:3) і Іспаніі (2:3).

Падагульняючае становішча каманд: Бельгія - 15 ачкоў, Эстонія - 10, Германія - 8, Славакія - 6, Іспанія - 5, Беларусь - 1. Бельгійскія валейбалісты заваявалі пуцёўку ў фінальную частку сусветнага першынства. Раней пропускі ад Еўропы атрымалі зборныя Францыі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Сербіі, Славеніі і Расіі. Чэмпіянат свету 2018 года пройдзе на арэнах Італіі і Балгарыі, каманды якіх вызвалены ад кваліфікацыі, як і дзеючы чэмпіён планеты Польшча і лепшая каманда Паўднёвай Амерыкі Бразілія. Усяго ў чэмпіянаце свету - 2018 прымуць удзел 24 зборныя. Беларускія валейбалісты яшчэ ні разу не гулялі ў кампаніі мацнейшых дружын планеты.

Тым часам на юнацкім чэмпіянаце Еўропы (U-16) у балгарскім Самакаве паспяхова выступаюць беларускія дзяўчаты. У сваёй папярэдняй групе беларускі па чарзе перамаглі равесніц з Чэхіі - 3:0, Расіі - 3:2 і Бельгіі - 3:2. Пасля трох гульнявых дзён становішча каманд такое: Румынія - 8 ачкоў, Беларусь - 7, Расія - 6, Турцыя - 4, Бельгія - 1, Чэхія - 1. Сёння на турніры дзень адпачынку, а 25 ліпеня падапечныя Ягора Пімахіна згуляюць з румынкамі, 26 ліпеня завершаць першы этап сустрэчай з турчанкамі.

У іншай папярэдняй групе, якая базіруецца ў Сафіі, таксама прайшлі тры туры: Італія - 9, Нідэрланды - 9, Балгарыя - 6, Данія - 5, Грэцыя - 0, Фінляндыя - 0.

Барацьбу за ўзнагароды кантынентальнага першынства прадоўжаць па дзве лепшыя каманды з кожнай групы. Паўфінальныя паядынкі пройдуць 28 ліпеня, медальныя матчы за золата і бронзу адбудуцца 29 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі