Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 верасня 2016, 09:42

Мінскія "Цмокi" выйшлі ў другі раўнд кваліфікацыі баскетбольнай Лігі чэмпіёнаў

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісты "Цмокi-Мiнск" прабіліся ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў, двойчы абыграўшы балгарскі "Рыльскі", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля гасцявой вікторыі ў Самакаве 72:58 чэмпіёны Беларусі дабіліся перамогі і на сваёй арэне. На старце паядынку "драконы" выйшлі ў адрыў 8:0, а да фінішу першай чвэрці ўжо госці змаглі выйсці наперад - 19:17. Аднак балгарская каманда лідзіравала нядоўга - другую чвэрць гаспадары правялі на ўздыме і пайшлі на вялікі перапынак з лікам 40:28 на сваю карысць. У другой палавіне сустрэчы падапечныя Ігара Грышчука таксама ўпэўнена кантралявалі ход гульні і дабіліся поспеху - 74:64 (19:17, 23:9, 11:18, 23:18). У пераможцаў самым рэзультатыўным стаў амерыканскі легіянер Джасцін Грэй, у актыве якога 19 балаў.

Цяпер у другім кваліфікацыйным раўндзе "Цмокi" сустрэнуцца з ізраільскім клубам "Нагарыя". Першы паядынак пройдзе 4 кастрычніка ў Мінску, у адказ - 6 кастрычніка на пляцоўцы ізраільцян.

Пераможца двухраўндавага процістаяння трапіць у групу А асноўнага турніру Лігі чэмпіёнаў, дзе яго сапернікамі будуць турэцкі "Банвіт", нямецкі "Скайлайнерс", грэчаскі "Арыс", чэшскі "Німбурк", славенскі "Хеліяс", французскі "Манака" і яшчэ адзін з клубаў, які пераадолее кваліфікацыйныя бар'еры. Няўдачнікі першага і другога кваліфікацыйных раўндаў чэмпіёнскай Лігі прадоўжаць міжнародны сезон у розыгрышы Еўракубка ФІБА. Па выніках асноўнага этапу Лігі чэмпіёнаў, які завершыцца ў лютым 2017 года, у чвэрцьфінал выйдуць па дзве лепшыя каманды з чатырох папярэдніх груп. Трыумфатары згуляюць у "Фінале чатырох" першага ў гісторыі розыгрышу баскетбольнай Лігі чэмпіёнаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі